Улады Беларусі хочуць павялічыць узаемны тавараабарот з Казахстанам сама меней да 2 млрд долараў

25 кастрычніка, Позірк. Улады Беларусі хочуць павялічыць узаемны тавараабарот з Казахстанам сама меней да 2 млрд долараў, вынікае з заявы першага намесніка прэм’ер-міністра Мікалая Снапкова ў інтэрв’ю “Першаму інфармацыйнаму” тэлеканалу.
Мяркуючы па фрагменце відэазапісу, які 25 кастрычніка апублікавала прэс-служба Савета міністраў, размова адбылася на палях 19-га пасяджэння міжурадавай беларуска-казахстанскай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы 22 кастрычніка ў Астане.
Паводле слоў Снапкова, для Беларусі Казахстан у рамках СНД з’яўляецца другім партнёрам “паводле экспарту, імпарту і сумеснаму знешнеэканамічнаму абароту”, сярод краін свету агулам — трэцім пасля Расіі і Кітая.
“Мяркую, у два разы больш тавараабарот цалкам магчымы, з улікам таго, што ў нас традыцыйна дадатнае сальда ў гандлі Беларусі і Казахстана. Для нас гэта важна”, — заявіў першы віцэ-прэм’ер.
У лютым 2025 года старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў заяўляў, што ў 2024-м тавараабарот Беларусі і Казахстана склаў 1,1 млрд долараў (паводле чэрвеньскіх даных апарата кіраўніка казахстанскага ўрада — 900 млн долараў). Такім чынам, калі ўзяць у разлік прыведзенае парламентарыем значэнне, Мінск мае намер давесці ўзаемны гандаль з асноўным партнёрам у Цэнтральнай Азіі да 2,2 млрд долараў.
У згаданым інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню Снапкоў таксама заявіў, што стрыжнем эканамічнай супрацы з Казахстанам з’яўляецца прамысловая кааперацыя, якая “ўжо даўно працуе на рынку”.
“Цалкам справядлівыя чаканні казахстанскага боку, што мы першыя будзем больш лакалізоўваць — тэхніку вытворчасці МТЗ (трактары), “Гомсельмаш”, “Бабруйскаграмаш”, “Пажснаб”, МАЗ, — сказаў чыноўнік. — Гэта нашыя стандартныя драйверы эканамічнага машынабудаўнічага росту. Разважанні казахстанскага боку цалкам справядлівыя, бо ўсе жадаюць лакалізоўваць вытворчасці, ствараць працоўныя месцы”.
“Наша сустрэчная прапанова таксама дастаткова простая і таксама справядлівая — калі мы сёння вырабляем у сярэднім каля 5 тысяч трактароў, значыць тады трэба і павялічваць маштаб з павялічанай лакалізацыяй. Калі мы вырабляем каля 300 камбайнаў збожжа-, кормаўборачных, то лагічна было б вырабляць 500 і больш. Дарэчы, сёлета мы планку 500 камбайнаў пяройдзем, але, я думаю, яе трэба як мінімум працягнуць, а лепш — крыху павялічыць. Такім чынам, і інтарэсы казахстанскага боку, і інтарэсы нашыя мы выканаем на парытэтных асновах”, — дадаў ён.
Паводле слоў Снапкова, краіны СНД (“гэта былы Савецкі Саюз”) ужо мелі ўсе неабходныя сувязі — “эканамічныя, транспартныя, сыравінныя”.
“Мы страцілі іх, губляем іх, мяняем на нешта, бар’еры ствараем — гэта няправільна, гэта немэтазгодна, — лічыць першы віцэ-прэм’ер. — Бо краіны ў прынцыпе можна падзяліць на дзве катэгорыі. Гэта краіны — дамінанты ў свеце, якія краіны, што развіваюцца (такія, як Беларусь, Казахстан), хочуць проста выкарыстоўваць з пункту гледжання спажыўцоў прадукцыі, якую вырабляюць яны, усё проста. Яны так у свеце паводзяцца — з намі, з дазволу сказаць за казахстанскі бок, яны і з казахстанскім бокам так паводзяцца”.
“Лагічна, што трэба ўзаемадзейнічаць у большай ступені з роўнымі партнёрамі, якія не чакаюць, што ты будзеш, выбачайце, іх васалам, а [чакаюць, што ты] на роўных будзеш фармаваць сумесны бізнес. Таму тэза пра аднаўленне падмурка эканамічных сувязяў — такіх, якія не ўшчамляюць, не ствараюць бар’еры, максімальна раскрываюць патэнцыял сумеснага ўзаемадзеяння паміж краінамі былога Савецкага Саюза, — на мой погляд, сёння асабліва ў глабальным свеце фундаментальныя і важныя”, — падсумаваў Снапкоў.
Даступна падпісчыкам “Позірк+”:
Адмоўнае сальда гандлю таварамі з краінамі па-за СНД вырасла да 5,7 млрд долараў
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, ПалітыкаBelPol: Украіна — першы атрымальнік інфармацыі аб вайсковай актыўнасці ў БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 24 кастрычніка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПольшча зафіксавала найменшую за 7,5 месяца колькасць спробаў нелегальнай міграцыі з Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка


