Мінск 19:07

Латушка абмеркаваў з кіраўніком Варміньска-Мазурскага ваяводства Польшчы пытанні легалізацыі беларусаў

Фота: прэс-служба АПК

25 кастрычніка, Позірк. Пытанні легалізацыі беларусаў абмеркаваў з кіраўніком Варміньска-Мазурскага ваяводства — прадстаўніком урада Польшчы ў рэгіёне Радославам Крулем намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, падчас сустрэчы, у якой таксама ўзяла ўдзел прадстаўніца беларускай дыяспары ў Ольштыне Наталля Гарковіч, палітык абазначыў праблему з апастыляваннем дакументаў у сітуацыі, калі “паездка ў Беларусь пагражае многім беларусам палітычна матываваным крымінальным пераследам”.

Прадстаўнікі ваяводства, як сцвярджае АПК, запэўнілі, што апастылі “ў большасці сітуацый запытваюцца ў індывідуальных выпадках і толькі тады, калі ўзнікаюць падазрэнні наконт сапраўднасці дакументаў”.

Латушка таксама ўзняў пытанне працяглага часу чакання дакументаў на легалізацыю. Было адзначана, што ў згаданым ваяводстве ў параўнанні з іншымі адзін з найменшых тэрмінаў чакання.

Як паведамляецца, палітык папрасіў кіраўніка рэгіёну пры разглядзе пытанняў легалізацыі ўлічваць тое, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі, забараніўшы атрымліваць новыя і падаўжаць тэрмін дзеяння старых дакументаў па-за межамі Беларусі, фактычна адмовіўся выконваць абавязкі дзяржавы “ў дачыненні да беларусаў, якія вымушана пакінулі радзіму ў сувязі з атмасферай страху і тэрору”. Гэта, паводле яго слоў, “ставіць беларусаў у выключную сітуацыю ў параўнанні з іншымі замежнікамі”.

Паводле інфармацыі АПК, Латушка і Круль дамовіліся, што ў ваяводстве “будуць падтрымліваць ініцыятывы дыяспары па адзначэнні важных беларускіх дат — 25 сакавіка і 9 жніўня”. Апрача таго, маецца дамоўленасць правесці ў ваяводскай управе выставу, прысвечаную беларускім палітвязням.

Круль, як сцвярджае беларуская палітычная структура, заявіў, што “важна адрозніваць рэжым Лукашэнкі, які вядзе гібрыдную вайну супраць Польшчы, ад беларускага грамадства, якое ніколі не мела праблем з польскім народам”. Ваявода, згодна з паведамленнем, падкрэсліў, што для Польшчы “наяўнасць салідарнага суседа з’яўляецца найбольшай гарантыяй бяспекі”.

АПК адзначыў, што Латушка “на рэгулярнай аснове праводзіць сустрэчы з ваяводамі для вырашэння пытанняў беларусаў”, згадаўшы пра перамовы з кіраўнікамі Паморскага, Падляскага і Ніжнесілезскага ваяводстваў.

На канец лютага 2025 года дазвол на пражыванне ў Польшчы мела больш за 143 тыс. грамадзян Беларусі.

Падзяліцца: