Праз 31 год кіравання Лукашэнка запатрабаваў стварыць сістэму, дзе боязна хлусіць і скажаць статыстыку

24 кастрычніка, Позірк. У Беларусі павінна быць створана сістэма працы, каб “кожны [кіраўнік] баяўся хлусіць або чагосьці скажаць”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 кастрычніка на нарадзе па мерах забеспячэння ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці і сітуацыі з падзяжом у краіне буйной рагатай жывёлы.
Пад “чагосьці” Лукашэнка меў на ўвазе статыстычныя даныя: “Бязладдзе ў Віцебскай вобласці, пра якое з фотаздымкамі дакладаў мне Камітэт дзяржкантролю, характэрнае для ўсёй краіны. Таму губернатары (Лукашэнка на расійскі капыл называе старшыняў аблвыканкамаў. — “Позірк”.) ўсе тут. Замест канкрэтнай працы і хай невялікіх, але рэальных станоўчых зрухаў вы працягваеце займацца прыпіскамі і фальсіфікацыяй інфармацыі, — цытуе выступоўцу яго прэс-служба. — Кармы, здаецца, ёсць, але яны паўсюдна няякасныя: у кожнай пятай сельгасарганізацыі ў палове раёнаў рэспублікі выяўлены парушэнні. Замест сенажу на ўліку ў вас гнілаж”.
“Абавязкова навесці парадак” неабходна, на думку Лукашэнкі, і ў прамысловым сектары, дзе ёсць прадпрыемствы, якія “правалілі [заданне] сёння”.
“Сядзяць [кіраўнікі] і чагосьці чакаюць. Чаго вы чакаеце? Ногі ў рукі — і пабеглі, пачынаючы ад Паўднёвай Афрыкі і заканчваючы Паўночным полюсам. І прыйдзеце, скажаце, колькі трактароў, камбайнаў прадаў, пакуль бег на Паўночны полюс”, — распарадзіўся выступоўца.
Ён лічыць, што пашыраць геаграфію экспарту трэба па на прыкладзе дзеянняў Беларусі ў Зімбабвэ, дзе зараз з “гатоўнасцю набываюць айчынную тэхніку і тэхналогіі, бо пераканаліся ў надзейнасці Беларусі як гандлёва-эканамічнага партнёра і яе зацікаўленасці ў развіцці супрацоўніцтва”.
Падобным чынам, лічыць Лукашэнка, цяпер “актывізуюцца ўзаемаадносіны з Лівіяй”, і, як следства, “павялічваецца аб’ём узаемнага гандлю”.
Праз 31 год свайго кіравання (Лукашэнка перамог на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года) аратар заявіў, што важна “наладзіць сістэму працы кіраўнікоў”, якія павінны “несці адказнасць на месцах”.
“Павінна быць сістэма, а не тое, што табе забаранілі, табе забаранілі. У кіраўніка адабралі ўсе правы, перадалі невядома каму, і чакаем. Не будзе выніку. Пакуль “унізе” кіраўнік не будзе кіраваць працэсам і несці адказнасць, парадку не будзе. Наша справа — стварыць сістэму і пракантраляваць яе”, — падкрэсліў Лукашэнка і заўважыў, што па многіх аспектах “створаны дастатковыя ўмовы, прыняты неабходныя рашэнні, і адзінае, чаго часта не стае, — гэта дысцыпліны”.
У гэтай сувязі, лічыць ён, “трэба, сціснуўшы зубы, рабіць тое, што трэба, падключаць усіх, каб працавалі, займаліся справай”.
“Бізуна вам проста не хапае і жалезнай адказнасці, — звярнуўся Лукашэнка да прысутных. — Трэба зямныя прапановы. Але не хлусіць. Вы, манячы мне, прымушаеце прымаць няправільныя рашэнні”.
Указам Лукашэнка ад 25 ліпеня была ўведзена “асабістая адказнасць” старшынь райвыканкамаў за нізкаэфектыўныя сельгасарганізацыі.
Для выхаду неэфектыўных арганізацый на прыбытковую працу аблвыканкамам даручана замацоўваць за старшынямі райвыканкамаў па адной стратнай сельгасарганізацыі, якая за справаздачны год мела найбольшыя страты ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг) і не выканала нарматыў тэхналагічных страт буйной рагатай жывёлы.
У выпадку паляпшэння вынікаў яе дзейнасці чыноўнікам выплацяць прэміі, а за невыкананне паказчыкаў ім пагражае пазбаўленне даплат за складанасць, напружанасць і інтэнсіўнасць працы.
Указ таксама дае права старшыні аблвыканкама па ўзгадненні з Лукашэнкам перавесці старшыню райвыканкама на пасаду кіраўніка замацаванай за ім арганізацыі.
Паводле ўказу ад 21 лютага № 74 “Аб узмацненні ролі старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў”, кіраўнікі рай- і гарвыканкамаў (абласнога падпарадкавання) атрымалі права ўзгадняць прызначэнне кіраўнікоў арганізацый на падведамасных тэрыторыях, у тым ліку прыватнай формы ўласнасці.
5 сакавіка начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Лешык заявіў, што “кадравае пытанне на вёсцы з кожным годам становіцца ўсё вастрэй і вастрэй”.
З 2020 года ўлады імкнуцца да татальнага кантролю ўсіх сфер грамадскага жыцця і пераследуюць нязгодных рознымі спосабамі (забарона на працаўладкаванне, крымінальныя справы і інш.).
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Навіны Германіі
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Навіны Германіі
- Эканоміка
- Грамадства
- ПалітыкаЛатушка заявіў аб сачэнні за супрацоўнікамі НАУ ў Літве, Германіі, ЧэхііМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаБеларусь на трэцім месцы ў ЕАЭС паводле пакрыцця знешняга доўгу міжнароднымі рэзерваміМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка


