Ідэя Лукашэнкі пра “вялікую здзелку” з ЗША можа нашкодзіць працэсу перамоў па вызваленні палітвязняў — Вячорка

24 кастрычніка, Позірк. Новая ідэя Аляксандра Лукашэнкі пра “вялікую здзелку” са Злучанымі Штатамі Амерыкі “мяняе ўвесь фармат” і можа “нашкодзіць працэсу перамоваў па вызваленні палітвязняў”, такое меркаванне выказаў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка 23 кастрычніка ў эфіры “Обычного утра” (“Звычайнай раніцы”).
Але гэты працэс не спыняецца, запэўніў спікер.
“Наша задача застаецца нязменнай — вызваліць максімум людзей і дамагчыся спынення рэпрэсій, — сказаў Вячорка. — Амерыканцы гэта робяць у першую чаргу для нас, таму што нашы палітвязні патрэбныя беларускаму грамадству, а не ім ці Еўропе. Але амерыканцы ведаюць, што калі яны вызваляць людзей з турмаў, яны атрымаюць палітычныя ачкі і гэта будзе дэманстрацыяй амерыканскага лідарства”.
Паводле слоў галоўнага дарадцы беларускага дэмакратычнага лідара, ставіцца ўмова, каб палітвязняў, вызваленых на падставе перамоў з прадстаўнікамі амерыканскай адміністрацыі, ды сем’і гэтых вязняў не пераследавалі.
“Гэта была [наша] просьба да амерыканцаў, мы ведаем, што амерыканскі бок гэтае пытанне рэгулярна ставіць, — адзначыў Вячорка. — Каб людзі мелі права застацца, каб сем’і вызваленых не рэпрэсавалі, каб знятыя былі абвінавачванні, каб людзям давалі на рукі дакументы, а не адбіралі. Амерыканцы ведаюць пра ўсе-ўсе гэтыя жахі, якія робіць лукашэнкаўскі рэжым. Яны вядуць гэтыя перамовы з вельмі цяжкім бокам, які бачыць палітвязняў толькі як нейкі гандлёвы тавар. У той час, калі амерыканцы бачаць у гэтым гуманітарную місію”.
14 кастрычніка на нарадзе па пытаннях глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіцці беларуска-амерыканскіх стасункаў Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць да “вялікай здзелкі” з ЗША.
“Будзем чакаць іх прапановы глабальныя, вялікай здзелкі, як яны ўмеюць казаць (любяць яны гэтыя вялікія здзелкі). Мы да гэтага гатовыя. Мы гатовыя з імі заключыць вялікую здзелку. На адной шалі вагаў іх пытанні, просьбы і патрабаванні, на іншай шалі вагаў — нашы пытанні і патрабаванні. Вырашаем? Давайце будзем вырашаць. Мы да гэтага гатовыя. Прапановы [прэзідэнта ЗША] Дональда Трампа ў гэтым плане я абсалютна ацэньваю нармальна. Але павінны быць улічаныя і нашы інтарэсы. І ўсё павінна быць сумленна, як некалі мы з амерыканцамі дамаўляліся“, — сказаў палітык.
15 кастрычніка намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Басацкі паведаміў, што намеснік спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Украіне Джон Коўл “дамовіўся пра наступныя траншы вызвалення палітычных зняволеных” у Беларусі. Паводле слоў польскага чыноўніка, які напярэдадні сустракаўся з Коўлам у Вашынгтоне, дамоўленасць тычыцца вызвалення “з рук Лукашэнкі” супрацоўнікаў тэлеканала “Белсат“ і польскіх грамадзян.
“Мы спадзяемся на новыя добрыя навіны ў найбліжэйшы час”, — адзначыў Басацкі.
Калі Лукашэнка хоча “вялікай здзелкі” з ЗША і рэальнага дыялогу з ЕС, якія маглі б прывесці да зняцця санкцый, ён мае выканаць шэраг патрабаванняў, заявіў 14 кастрычніка намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Такімі патрабаваннямі, паводле яго слоў, павінны стаць не толькі спыненне рэпрэсій, вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў, але і “дэкрыміналізацыя грамадскага жыцця”, якая прадугледжвае зняцце з апанентаў улады статусаў “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”, спыненне завочных судоў і рэабілітацыя ўжо асуджаных.
Рэжым Лукашэнкі, на думку палітыка, таксама павінен спыніць экстэрытарыяльны пераслед, адмяніць гэтак званы “пашпартны ўказ”, які пазбаўляе грамадзян, што знаходзяцца за мяжой, магчымасці атрымаць або абмяняць пашпарт і аформіць большасць відаў даверанасцей.
Гэтыя думкі Латушка паўтарыў 20 кастрычніка на форуме Berlin Belarus Future Forum 2025 у сталіцы Германіі. “Беларуская здзелка” павінна быць у аснове палітыкі ЕС і ЗША, заявіў ён.

- Грамадства, Навіны Германіі
- Эканоміка
- Грамадства
- ПалітыкаЛатушка заявіў аб сачэнні за супрацоўнікамі НАУ ў Літве, Германіі, ЧэхііМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаБеларусь на трэцім месцы ў ЕАЭС паводле пакрыцця знешняга доўгу міжнароднымі рэзерваміМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаУ Беларусі другі месяц запар памяншаецца намінальны сярэдні заробак (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 24 кастрычніка — 30 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка


