Мінск 05:15

Беларускія спартсмены не выступяць на Паралімпіядзе-2026

Лагатып Міжнароднага паралімпійскага камітэта
Ілюстрацыя: сайт МПК

23 кастрычніка, Позірк. Беларускія і расійскія спартсмены не змогуць прыняць удзел у Паралімпійскіх гульнях, якія пройдуць у італьянскіх Мілане і Карціна-д’Ампеца 6–15 сакавіка 2026 года, вынікае з апублікаванага 23 кастрычніка паведамлення Міжнароднага паралімпійскага камітэта (МПК).

Раней МПК дазволіў атлетам дзвюх краін удзельнічаць у Паралімпіядзе, аднак кваліфікацыйныя спаборніцтвы праходзяць пад эгідай адпаведных міжнародных федэрацый — лыжнага спорту і сноўборда, біятлона, кёрлінга і парахакея.

МПК звяртае ўвагу, што тры першыя федэрацыі працягнулі адхіленне беларусаў і расіян ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай. Сусветная федэрацыя парахакея паведаміла, што ў зборнай РФ “няма магчымасці кваліфікавацца” на Паралімпіяду, у Беларусі ж “няма каманды па парахакеі, якая выступае на міжнародным узроўні”.

Паводле слоў прэзідэнта МПК Эндру Парсанса, арганізацыя “цалкам паважае рашэнне кожнай міжнароднай федэрацыі ў дачыненні да відаў спорту, якімі яны кіруюць”.

“Пазіцыя федэрацый лыжнага спорту і сноўборда, біятлона і кёрлінгу ў цяперашні час азначае, што спартсмены і каманды з Беларусі і Расіі не могуць удзельнічаць у сваіх спаборніцтвах, што пазбаўляе іх магчымасці прайсці кваліфікацыю на зімовыя Паралімпійскія гульні 2026 года”, — сказаў Парсанс.

Як паведамляў “Позірк, на сесіі Генеральнай асамблеі МПК 27 верасня ў Сеуле (Паўднёвая Карэя) большасць арганізацый — членаў камітэта прагаласавала за аднаўленне поўных правоў і прывілеяў паралімпійскіх камітэтаў Беларусі і РФ.

На зімовай Паралімпіядзе 2022 года (прайшла ў Пекіне 4–13 сакавіка) Беларусь і РФ не выступалі праз развязаную Масквой пры падтрымцы Мінска вайну ва Украіне.

У летніх Паралімпійскіх гульнях, якія прайшлі ў Парыжы з 28 жніўня па 8 верасня 2024 года, удзельнічала ў нейтральным статусе восем беларускіх спартсменаў. Пяць залатых узнагарод выйграў Ігар Бокій, адну — Ягор Шчалканаў, срэбны медаль выйграў Дзмітрый Салей. Усе яны прадстаўлялі плаванне.

29 жніўня стала вядома пра затрыманне па крымінальнай справе шматгадовага старшыні Паралімпійскага камітэта Беларусі, кіраўніка Беларускага таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ) Алега Шэпеля.

Падзяліцца: