Мінск 00:37

Урад увёў ліцэнзаванне вывазу макулатуры

Фота: belvtorresurs.by

23 кастрычніка, Позірк. Ліцэнзаванне вывазу з Беларусі рэгенеруемых паперы або кардона (макулатуры і адходаў) уведзена пастановай урада, паведамляе яго прэс-служба.

“Ліцэнзаванне ўводзіцца з мэтай памяншэння вывазу сыравіннага рэсурсу з краіны для падтрымкі беларускіх вытворцаў паперы і кардона, павелічэння выпуску імпартазамяшчальнай і экспартаарыентаванай прадукцыі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Тэрмін дзеяння абмежавання — 6 месяцаў.

Адзначаецца, што пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Незадаволенасць аб’ёмамі здабываемых у Беларусі другасных рэсурсаў выказаў Аляксандр Лукашэнка 20 траўня ў Мінску на нарадзе па пытаннях абыходжання з адходамі.

Сярод іншага ён заявіў, што трэба “комплексна прааналізаваць” працу ўрада і выканкамаў у гэтай сферы. “Чаму слаба здабываем другасныя матэрыяльныя рэсурсы і спараджаем імпарт? За 2024 год завезлі 22 тыс. тон макулатуры, па 2 тыс. тон адходаў шкла і пластмас. Мільёны долараў!” — сказаў Лукашэнка.

У лютым гэтага года міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк заяўляў, што ў Беларусі, “як і ў іншых развітых краінах”, адкідаў “утвараецца шмат”: “Больш за 50 млн тон ад вытворчасці і каля 4 млн тон цвёрдых камунальных адкідаў на год”.

Пры гэтым узровень выкарыстання камунальных адкідаў, паводле яго слоў, дасягнуў 38,4%; шэрагу адкідаў вытворчасці — палімераў, зношаных шын, макулатуры, шклабою — 90% і больш.

Падзяліцца: