Мінск 00:37

У рамках восеньскага прызыву ў армію будзе накіравана 10 тыс. вайскоўцаў, на службу ў рэзерве — 500 чалавек

23 кастрычніка, Позірк. У рамках восеньскага прызыву ў “шэрагі Узброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў” будзе накіравана каля 10 тыс. вайскоўцаў, паведаміў прадстаўнік Генеральнага штаба Алег Чарненка.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба Міністэрства абароны, на службу ў рэзерве будзе накіравана каля 500 грамадзян.

“На прызыўныя камісіі для адбору выклікана каля 60 тыс. чалавек. Ваеннымі камісарыятамі ў цяперашні час праводзяцца ўсебаковае вывучэння прызыўнікоў, іх прафесійна-псіхалагічны адбор”, — адзначыў Чарненка.

Варта адзначыць, што ў апошнія гады ў рамках восеньскіх і вясновых прызываў у армію накіроўваецца прыкладна такая ж колькасць вайскоўцаў тэрміновай службы.

Указ аб восеньскім прызыве ў шэрагі Узброеных сіл падпісаў 12 жніўня Аляксандр Лукашэнка.

Згодна з дакументам, прызыву падлягаюць грамадзяне Беларусі мужчынскага полу, якім да дня прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку, а таксама грамадзяне прызыўнога ўзросту, якія страцілі права на адтэрміноўку.

У 2024 годзе аналагічны ўказ аб восеньскім прызыве Лукашэнка падпісаў 7 жніўня, у 2023-м — 27 ліпеня, у 2022-м — 4 ліпеня, у 2021-м — 20 ліпеня, у 2020-м — 3 жніўня, у 2019-м — 22 ліпеня.

У Беларусі штогод адбываюцца два прызывы — восеньскі і вясновы, для кожнага падпісваюцца асобныя ўказы.

На пачатку 2023 года былі зніжаныя патрабаванні да стану здароўя грамадзян, якія прымяняюцца пры вызначэнні прыдатнасці да праходжання вайсковай службы. У прыватнасці, верхняя мяжа масы, пры якой грамадзян прызнаюць непрыдатнымі да службы ў сілах спецыяльных аперацый, узнятая з 90 да 100 кг. Пры гэтым мужчын, якія важаць больш за 100 кг, дазволена прымаць у органы пагранічнай службы, а таксама спецыяльныя міліцэйскія злучэнні і воінскія часці.

Раней не прыпісваліся да прызыўных участкаў і прызнаваліся непрыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзерве ў мірны час грамадзяне з атлусценнем II ступені з індэксам масы цела 37 кг/м2 (больш за 117 кг пры сярэднім для беларускіх мужчын росце 178 см), з блізарукасцю любога вока на адным з мерыдыянаў 6-8 дыёптрый. Цяпер такія грамадзяне прызнаюцца абмежавана прыдатнымі да тэрміновай службы і службе ў рэзерве. Як і раней, яны застаюцца прыдатнымі з абмежаваннямі да службы па кантракце ў спецыяльных злучэннях.

За ўхіленне ад службы прадугледжана адказнасць па арт. 435 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу).

Паводле звестак Вярхоўнага суда, колькасць грамадзян, якіх прыцягваюць па гэтым артыкуле, змяншаецца. У 2016 годзе па арт. 435 КК было асуджана 676 асоб, у 2023-м — 266.

Падзяліцца: