Мінск 00:37

МУС справаздачылася аб удзеле ў сумесных з краінамі СНД затрыманнях злачынцаў, якія адшукваюцца, — пад варту ўзята больш за 280 чалавек

23 кастрычніка, Позірк. У рамках міждзяржаўнага спецмерапрыемства “Вышук”, якое прайшло 15–16 кастрычніка ў краінах СНД, затрымана больш за 280 чалавек, паведамляе тэлеграм-канал ведамасных выданняў МУС “На страже” і “Милиция Беларуси”.

Адзначаецца, што звыш 150 з іх затрымана на тэрыторыі Расіі.

Падчас спецмерапрыемства ўстаноўлена месцазнаходжанне больш за 160 зніклых без вестак, а таксама 570 адказчыкаў па грамадзянскіх і эканамічных справах, гаворыцца ў паведамленні.

У прыватнасці, як сцвярджаецца, у Маскоўскай вобласці затрыманы 35-гадовы жыхар Ліды (Гродзенская вобласць), які “падманам завалодаў у грамадзян 30 тыс. рублёў”.

У Сочы ўзяты пад варту 42-гадовы мінчанін, які “на падставе пастаўкі аўтазапчастак падманным шляхам завалодаў у 25 беларусаў сумай больш за 51 тыс. долараў, 320 тыс. расійскіх рублёў і 55 тыс. беларускіх рублёў”.

У Самарскай вобласці затрыманая 54-гадовая жыхарка Брэста, “датычная да крадзяжу больш за 10 млн рублёў у розных дзяржарганізацый”.

На тэрыторыі Беларусі ў рамках аперацыі затрымана больш за 120 злачынцаў, устаноўлена месцазнаходжанне больш за 100 зніклых без вестак.

Супрацоўнікі МУС Беларусі ўдзельнічалі ў спецмерапрыемстве на тэрыторыі РФ, вынікае з паведамлення. Заяўляецца, што для “больш эфектыўнага ўзаемадзеяння” прадстаўнікі крымінальнага вышуку і тэрытарыяльных органаў ведамства “накіроўваліся ў службовыя камандзіроўкі ў шэраг расійскіх рэгіёнаў”.

Ведамствы якіх краін СНД таксама ўдзельнічалі ў аперацыі, не пазначана.

Мэта спецмерапрыемства — “павышэнне эфектыўнасці работы па вышуку абвінавачаных, якія хаваюцца і ўхіляюцца ад адбыцця пакарання, а таксама без вестак зніклых і даўжнікоў па грамадзянскіх або эканамічных справах”.

Падзяліцца: