Мінск 21:51

Круты: Віцебская вобласць хранічна не выконвае параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця

22 кастрычніка, Позірк. Віцебская вобласць “хранічна не выконвае ўсе асноўныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця”, заявіў дзяржСМІ кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Круты.

Паводле слоў Крутога, такую непахвальную ацэнку рэгіёну даў 22 кастрычніка Лукашэнка.

“Увесну [старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін] прадставіў праграму адраджэння Віцебшчыны. Але аказалася, што большасць мерапрыемстваў абсалютна не прапрацаваныя. Як прэзідэнт ёміста адзначыў, гэта было фактычна пражэктарства. І ён адправіў гэтыя дакументы на дапрацоўку. Вось фактычна паўгода вялася гэтая дапрацоўка”, — сказаў чыноўнік, які, як паведамлялася, 22 кастрычніка выступіў перад Лукашэнкам з дакладам.

Круты анансаваў правядзенне 24 кастрычніка “комплекснай” нарады па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці.

У ліку праблем рэгіёну ён назваў невыкананне паказчыкаў па валавым-рэгіянальным прадукце, які “практычна ні разу за пяцігодку Віцебшчына не выканала”.

Таксама сур’ёзныя пытанні, паводле слоў Крутога, выклікае “затаваранасць складоў”: “Вельмі высокі ўзровень запасаў гатовай прадукцыі — больш за 100%, напэўна, самы высокі ў нашай рэспубліцы”.

Акрамя таго, “ёсць праблемы з асобнымі знакавымі прадпрыемствамі — гэта “Белвест”, “Віцебсдрэў”, Полацкі малочны камбінат, Аршанскі льнокамбінат”. “Работнікі асобных з іх рыхтуюць нават калектыўны зварот на нашага лідара з просьбай разабрацца, што там адбываецца”, — дадаў чыноўнік.

На згаданай нарадзе, адзначыў ён, праграму развіцця вобласці плануецца разглядаць “па блоках”. Перспектыўным напрамкам Круты, у прыватнасці, назваў лагістыку, дзе ў вобласці “ёсць добры патэнцыял у выглядзе асаблівай эканамічнай зоны “Брэміна-Орша”.

“Ёсць планы па развіцці аэрапорта Віцебска, рэканструкцыі, будаўніцтве некалькіх найважнейшых магістраляў, таму што Віцебшчына хоча стаць буйным чыгуначным кантэйнерным хабам”, — заявіў прамоўца.

Важным у працы над новай праграмай рэгіёну ён лічыць неабходнасць “пісьменна ўмантаваць” яе ў планы краіны на будучую пяцігодку. Інакш, паводле яго сцвярджэння, вобласць зноў можа застацца “на абочыне нейкіх важных эканамічных ці сацыяльных працэсаў”.

13 снежня 2021 года, прызначаючы Субоціна кіраўніком Віцебскай вобласці, Лукашэнка падкрэсліў, што нельга больш “спакойна глядзець, як вырашаюцца некаторыя пытанні”.

“Вырашаюцца яны не па ўсіх напрамках так, як мы думалі… Гэта значыць, праблем нямала. Вам лёгка будзе ўвайсці ў курс справы. Але і яшчэ папрашу: вы не “адкідайце” цяперашняга губернатара [Мікалая Шарстнёва]. Вы яго досвед павінны выкарыстоўваць, на якой бы працы ён ні працаваў пасля гэтага. Ні адзін губернатар не застаецца па-за справамі: яны ўнеслі свій унёсак у развіццё абласцей. Але патрэбныя новыя людзі”, — адзначыў Лукашэнка.

Падзяліцца: