Мінск 21:51

Ціханоўская: Пачобут стаў сімвалам усіх беларускіх журналістаў

Архіўнае фота: "Радыё Свабода"

22 кастрычніка, Позірк. Анджэй Пачобут стаў “сімвалам усіх беларускіх журналістаў” і грамадзян, якія “не баяцца казаць праўду”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 22 кастрычніка ў Еўрапарламенце ў сувязі з прысуджэннем журналісту-палітвязню прэміі Сахарава “За свабоду думкі”.

“Анджэй Пачобут — прыклад прафесіяналізму і мужнасці. Ён застаўся верны сваім перакананням, нягледзячы на ціск і турму. Гады зняволення не зламалі яго, а зрабілі яшчэ мацней”, — сказала палітык.

Ціханоўская паведаміла, што на працягу некалькіх месяцаў разам з “сябрамі ў Еўрапарламенце” яна вяла “кампанію ў падтрымку кандыдатуры Анджэя”.

“Я вельмі ўдзячная ўсім, хто падтрымаў яго кандыдатуру. Гэтая ўзнагарода з’яўляецца важным знакам падтрымкі тых, хто сёння знаходзіцца за кратамі. І сігнал уладзе аб тым, што дэмакратычны свет бачыць іх прагу свабоды і не ігнаруе несправядлівасць”, — падкрэсліла дэмлідар.

Ціханоўская павіншавала журналістку Мзію Амаглабелі з Грузіі, якая таксама стала лаўрэатам прэміі Сахарава. Палітык адзначыла, што “яе праца заслугоўвае вялікай павагі”.

“Абодва лаўрэаты паказваюць на асабістым прыкладзе: свабода слова і чалавечая годнасць — каштоўнасці, за якія варта змагацца”, — падкрэсліла Ціханоўская.

22 кастрычніка ў Страсбургу (Францыя) на пленарнай сесіі Еўрапарламента яго спікер Роберта Метсола абвясціла, што Пачобут і асуджаная ў Грузіі Амаглабелі сталі лаўрэатамі прэміі “За свабоду думкі” імя Сахарава.

8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса.

Прэмія “За свабоду думкі” імя Сахарава, якую Еўрапейскі парламент уручае з 1988 года, прысуджаецца асобам і арганізацыям, якія ўнеслі выключны ўклад у барацьбу за свабоду думкі, правы чалавека па ўсім зямным шары.

Падзяліцца: