Мінск 21:54

Прэм’ер-міністр Літвы: Калі аэрастаты з кантрабандай заляцяць зноў — мяжа з Беларуссю будзе закрытая

Фота: pixabay.com

22 кастрычніка, Позірк. У выпадку яшчэ аднаго масавага залёту на тэрыторыю Літвы паветраных шароў з кантрабандай мяжа з Беларуссю будзе закрытая, заявіла 22 кастрычніка прэм’ер-міністр балтыйскай краіны Інга Ругінене.

Адпаведнае рашэнне ўлады Літвы прымуць “тут і цяпер”, перадае словы прэм’ера агенцтва BNS.

“Мы не пойдзем ні на якія саступкі Беларусі ў гэтым пытанні, — дадала Ругінене. — <…> Мы дакладна не будзем марнаваць на гэты час. <…> Гэта выразна дае зразумець нашым суседзям, што мы дакладна не пацерпім падобных дзеянняў”.

Пра перспектывы закрыцця мяжы з Беларуссю “на больш працяглы тэрмін” праз інцыдэнт з аэрастатамі раней 22 кастрычніка казаў галоўны дарадца прэзідэнта Літвы Дэйвідас Матулёніс.

У ноч на 22 кастрычніка ў Літву з боку Беларусі масава заляцелі паветраныя шары, якія кантрабандысты звычайна выкарыстоўваюць для дастаўкі цыгарэт. Паведамлялася, што ўсяго ў Літве выяўлена восем шароў, затрыманы адзін чалавек.

Праз палёт паветраных шароў прыпыняў працу вільнюскі аэрапорт. Паводле слоў прадстаўніка аэрапорта Віталя Рочэ, пацярпелі больш за 4.000 пасажыраў, рэйсы якіх перанеслі або адмянілі.

Таксама праз метэазонды, якія прыляцелі з боку Беларусі, Літва закрывала мяжу.

Падзяліцца: