Мінск 17:34

Польшча прыпыніла дэпартацыю беларуса, які павінен быў пакінуць краіну пасля беспарадкаў на канцэрце Каржа

22 кастрычніка, Позірк. Польшча прыпыніла працэдуру дэпартацыі ў дачыненні да аднаго грамадзяніна Беларусі і двух грамадзян Украіны, якіх планавалася выслаць пасля беспарадкаў падчас канцэрту беларускага выканаўцы Макса Каржа, паведамляе Rzeczpospolita.

Адзначаецца, што ўсе трое падалі заявы на атрыманне міжнароднай абароны ў Польшчы, іх хадайніцтвы цяпер разглядаюцца Упраўленнем па справах замежнікаў.

Як паведамлялася 1 кастрычніка, з 63 затрыманых пасля варшаўскага канцэрту Каржа замежнікаў з Польшчы было дэпартавана двое беларусаў, яшчэ двое выехала самастойна.

Усяго было дэпартавана 14 чалавек, 12 з іх — грамадзяне Украіны.

Адзначалася, что Памежная служба пачала таксама працэдуру вяртання на радзіму трох іншаземцаў (двух грамадзян Украіны і аднаго грамадзяніна Беларусі), 33 іншаземцы (32 грамадзяніны Украіны і 1 грамадзянін Беларусі) дабаўлены ў спіс непажаданых на тэрыторыі Польшчы іншаземцаў і ў Шэнгенскую інфармацыйную сістэму (SIS) для далейшай адмовы ва ўездзе.

Раней паведамлялася, што на канцэрце Каржа на Нацыянальным стадыёне ў польскай сталіцы 9 жніўня было затрымана больш за 100 чалавек “за шматлікія правапарушэнні і злачынствы, уключаючы захоўванне наркотыкаў, парушэнне асабістай недатыкальнасці супрацоўнікаў службы бяспекі, захоўванне і пранос піратэхнікі, а таксама незаконнае пранікненне на тэрыторыю”. Паліцыя аштрафавала 50 чалавек на агульную суму каля 11.500 злотых (больш за 3 тыс. долараў).

11 жніўня Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы выступіла з пагрозай дэпартацыі на адрас фігурантаў-замежнікаў.

36-гадовы Макс Корж — аўтар і выканаўца ў стылі хіп-хоп, адзін з найбольш папулярных беларускіх артыстаў.

Пакінуў краіну ў кастрычніку 2024 года пасля таго, як яго выклікалі ў міліцыю для “гутаркі”. Выступае за мяжой, дзе перыядычна збірае масавыя канцэрты.

На тое, што адбылося, артыст адрэагаваў толькі 17 жніўня, напісаўшы ў сацсетках: “Сябры, няма месца радыкальнаму нацыяналізму на канцэртах, гэтак жа як агрэсіі і насіллю з любога боку. Гэта супярэчыць самой сутнасці канцэртаў”.

Пры гэтым выканаўца не згадаў затрыманні падчас яго канцэрта і лёсе фігурантаў.

Падзяліцца: