Мінск 17:34

У Салігорскім раёне міліцыя са стральбой спыніла аўтамабіль, якім кіраваў п’яны падлетак

Відэа: МУС Стоп-кадр: “Позірк”

22 кастрычніка, Позірк. Аб выкарыстанні зброі для спынення аўтамабіля “Форд” у вёсцы Іздрашава Салігорскага раёна (Мінская вобласць) паведаміла 22 кастрычніка прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што інспектары ДАІ падалі кіроўцу сігнал аб спыненні, які ён праігнараваў і “толькі паскорыўся”.

“Пачаўся пераслед. На неаднаразовыя законныя патрабаванні міліцыянераў спыніцца парушальнік не рэагаваў. Пры гэтым віляў па праезнай частцы і выязджаў на абочыну, чым ствараў рэальную пагрозу жыццю і здароўю іншых удзельнікаў дарожнага руху. Для спынення транспартнага сродку выкарыстоўвалася зброя”, — гаворыцца ў паведамленні.

На апублікаваным ведамствам відэа чутныя гукі стрэлаў.

Пасля спынення аўтамабіля высветлілася, што за рулём знаходзіўся 16-гадовы мясцовы жыхар. Медыцынскі агляд пацвердзіў наяўнасць у яго арганізме звыш аднаго праміле алкаголю, адзначае МУС. Паведамляецца, што ў салоне аўтамабіля знаходзіліся двое пасажыраў 15 і 16 гадоў.

Складзена шэсць адміністрацыйных пратаколаў. За нецвярозае кіраванне падлетка чакае штраф у памеры 200 базавых велічынь (8.400 рублёў). “Аўтамабіль, які падлетак купіў без пераафармлення, змешчаны на ахоўную стаянку”, — адзначылі ў ведамстве.

У Беларусі сістэматычна ўжываецца зброя для спынення аўтамабіляў.

11 верасня паведамлялася, што супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ўжылі зброю, каб спыніць правапарушальніка ў Гродзенскай вобласці. У ноч на 8 верасня работнікі ДАІ ўжылі зброю, каб спыніць правапарушальніка ў Магілёўскім раёне. У ноч на 4 жніўня зброя была ўжытая, каб спыніць аўтамабіль каля зоны адпачынку “Клецкая сажалка” (Клецкі раён Мінскай вобласці). 16 чэрвеня паведамлялася аб аналагічных дзеяннях супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі для затрымання парушальніка ў Кастрычніцкім раёне (Гомельская вобласць), 11 лютага — у Асіповіцкім раёне, 9 лютага — у Чэрыкаўскім раёне (абодва — Магілёўская вобласць), 29 студзеня — У Мазырскім раёне (Гомельская вобласць).

Падзяліцца: