Мінск 17:33

Дзяржпагранкамітэт паведаміў пра выяўленне цела мігранта на мяжы з Латвіяй

22 кастрычніка, Позірк. У Полацкім раёне (Віцебская вобласць) на мяжы з Латвіяй 21 кастрычніка выяўленыя тры грамадзяніны Эрытрэі, адзін з якіх “быў мёртвы”, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта (ДПК).

Са спасылкай на аднаго з мігрантаў сцвярджаецца, што на тэрыторыі Латвіі іх “затрымалі і жорстка збівалі з ужываннем электрашокера”. Заяўляецца, што адзін з замежнікаў памёр ад атрыманых траўмаў.

“Пад пагрозай прымянення зброі латвійскія сілавікі прымусілі мужчын перанесці цела на беларускую тэрыторыю праз брамку для жывёл. Выжылыя ўцекачы знаходзіліся ў змардаваным стане з прыкметамі пераахаладжэння”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле звестак ДПК, з пачатку міграцыйнага крызісу на беларуска-латвійскай мяжы выяўлена 35 трупаў замежнікаў.

Прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Ларыса Бельская 7 кастрычніка на 76-й сесіі Выканкама Упраўлення вярхоўнага камісара па правах бежанцаў ААН заявіла, што “за чатыры гады беларускія праваахоўнікі” зафіксавалі “больш за 80 выпадкаў смерцяў вымушаных перасяленцаў у выніку гвалтоўных дзеянняў сілавых структур <…> заходніх суседзяў”.

Прыведзеная лічба не супадае з данымі ДПК, паводле сцвярджэння якога на той момант з пачатку года на мяжы з Еўрасаюзам загінула 15 чалавек, з 2021 года — 76.

Згодна з дакладам “Бяспечнага шляху няма. Смерці мігрант_ак на мяжы Еўрапейскага саюза і Беларусі” праваабарончай арганізацыі Human Constanta, з вясны 2021-га па канец сакавіка 2024-га не менш за 116 нелегальных мігрантаў, у тым ліку 15 жанчын, памерла на мяжы Беларусі з краінамі ЕС. Непасрэдна на тэрыторыі Беларусі на канец сакавіка 2024 года памерла не менш як 47 чалавек.

Беларускія ўлады рэгулярна паведамляюць аб пакутах, фізічных траўмах і гібелі замежнікаў на мяжы з краінамі ЕС, нязменна ўскладаючы адказнасць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі. Пры гэтым беларускі бок не паведамляе, як мігранты аказваюцца на граніцы з краінамі ЕС у зоне адказнасці пагранічнага ведамства.

Пра тое, што пры перасячэнні мяжы Беларусі з адной з краін ЕС былы афіцэр Мінабароны Афганістана Джыхад Махамед Гуль Наваі падвергся катаванням з боку беларускіх сілавікоў, у выніку яму ампутавалі руку, паведамілі напярэдадні мясцовыя СМІ.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС прадаўжаецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Па стане на 19 кастрычніка з пачатку 2025 года суседнія краіны ЕС сумарна зафіксавалі больш за 40 тыс. спроб незаконнага пераходу на сваю тэрыторыю з Беларусі. За ўвесь 2024 год былы зафіксавана 36.291 спроба незаконнай міграцыі грамадзян трэціх краін з беларускай тэрыторыі ў ЕС. Такім чынам, цяперашні паказчык вышэйшы на 10,4%.

Падзяліцца: