Еўрапарламент запатрабуе ўзмацнення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі — праект рэзалюцыі

22 кастрычніка, Позірк. Патрабаванне “неадкладнага і безумоўнага“ вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі ўтрымліваецца ў праекце рэзалюцыі Еўрапейскага парламента “Аб сітуацыі ў Беларусі праз пяць гадоў пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў”.
Еўрапарламент заклікае ЕС і дзяржавы — члены аказваць падтрымку палітвязням і іх сем’ям, працягваць назіраць за судовымі працэсамі ў Беларусі, дзе “гэта магчыма”, а таксама заяўляе аб неабходнасці правесці незалежнае расследаванне ўсіх выпадкаў смерці палітычных вязняў у няволі.
Таксама ЕП зноў заклікае Еўракамісію і краіны ЕС спрасціць працэдуры атрымання віз і відаў на жыхарства для асоб, уцекачоў з Беларусі з палітычных прычын, распрацаваць агульныя правілы і працэдуры для разгляду выпадкаў “безграмадзянства”. Акрамя гэтага, прапануецца аказваць падтрымку беларусам, якія пражываюць у ЕС, тэрмін дзеяння пашпартоў якіх мінае і ў якіх няма магчымасці іх падоўжыць.
Еўрапарламент зноў заяўляе, што не прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі.
У праекце дакумента ўтрымліваецца заклік да ЕС і яго краін супрацоўнічаць з дзяржавамі, якія не ўваходзяць у саюз, для “ўмацавання палітыкі непрызнання Лукашэнкі ў якасці прэзідэнта Беларусі”. Падкрэсліваецца важнасць пастаяннага ўзаемадзеяння Еўрасаюза з беларускімі “дэмакратычнымі суб’ектамі», каб іх намаганні мелі палітычную, фінансавую і іншую падтрымку.
Еўрапарламент паўтарае свае папярэднія заклікі да арганізацыі новых, свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным наглядам Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).
У дакуменце адзначаецца вызваленне дзясяткаў палітвязняў і сфармуляваны заклік да ЕС, ЗША і іншых партнёраў працягваць працу для “эфектыўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі”. Адначасова Еўрапарламент канстатуе, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, таму ў праекце рэзалюцыі выказаная сур’ёзная занепакоенасць з нагоды змякчэння санкцый ЗША ў дачыненні да кампаніі “Белавія”.
Еўрапарламент заклікае ЕС і яго дзяржавы — члены працягваць падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы, грамадзянскую супольнасць, студэнтаў, даследчыкаў, журналістаў, лідараў прафсаюзаў шляхам прадастаўлення ім віз, стыпендый, грантаў, магчымасцяў для наладжвання сувязяў і мер па забеспячэнні іх бяспекі.
У дакуменце ёсць заклік гарантаваць незалежным СМІ сістэмную і шматгадовую дапамогу, у тым ліку фінансавую. Таксама там утрымліваецца патрабаванне спыніць крыміналізацыю журналістыкі, пераслед журналістаў як у Беларусі, так і ў выгнанні, а таксама запалохванне членаў іх сем’яў. Еўрапарламент “рашуча асуджае” ўлады ў Мінску за блакаванне незалежных СМІ, абмежаванне доступу да інтэрнэту і арышты журналістаў і блогераў, што супярэчыць міжнародным стандартам свабоды прэсы. Гаворыцца пра неабходнасць вызвалення ўсіх арыштаваных прадстаўнікоў медыя, уключаючы журналістку “Белсата” Кацярыну Андрэеву.
Адзначаецца важнасць умацавання ключавых дэмакратычных структур, уключаючы Офіс “абранага прэзідэнта Святланы Ціханоўскай”, Аб’яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада і дэмакратычныя палітычныя партыі.
У праекце дакумента ўтрымліваецца заклік да ЕС і міжнародных арганізацый фармалізаваць прадстаўніцтва беларускіх дэмсіл на міжнародных форумах, такіх як Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ), Парламенцкая асамблея АБСЕ і Парламенцкая асамблея НАТО.
Еўрапарламент заклікае дзяржавы — члены ЕС “неадкладна процідзейнічаць і пакласці канец трывожнаму ўзроўню транснацыянальных рэпрэсій, якія праводзяцца рэжымам Лукашэнкі”, у тым ліку на тэрыторыі Еўрасаюза.
Таксама заяўляецца пра важнасць далейшага расследавання парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі і падтрымкі пазову Літвы ў Міжнародны крымінальны суд у сувязі са здзяйсненнем у Беларусі транснацыянальных злачынстваў супраць чалавечнасці. ЕП заклікае еўрапейскія краіны далучыцца да разбіральніцтва, ініцыяванага Літвой у Міжнародным судзе ААН, адносна “інструменталізацыі міграцыі” Беларуссю.
Еўрапарламент зноў асудзіў удзел рэжыму Лукашэнкі ў “неапраўданай, незаконнай і несправакаванай агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны”.
У дакуменце таксама выказваецца занепакоенасць у сувязі з ростам уплыву Расіі ў Беларусі і рэпрэсіямі ў дачыненні да супольнасці ЛГБТК+.
ЕП заклікае ЕС і міжнародных партнёраў узмацніць санкцыі ў дачыненні да асоб і арганізацый, адказных за “падрыў дэмакратыі і вяршэнства права, рэпрэсіі, парушэнні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавечнасці”, а таксама за ўдзел Беларусі ў вайне РФ супраць Украіны, адначасова закрываючы “санкцыйныя шчыліны”.
Акрамя гэтага, у праекце рэзалюцыі заяўлена неабходнасць расследавання і ліквідацыі беларускіх і расійскіх “шпіёнскіх сетак” у ЕС і краінах — кандыдатах. У сувязі з гэтым падкрэслена важнасць увядзення абмежаванняў у дачыненні да дыпламатаў Беларусі і РФ у Шэнгенскай зоне.
Галасаванне па праекце рэзалюцыі прызначанае на 22 кастрычніка.
З 2020 года Еўрапарламент прыняў некалькі рэзалюцый па Беларусі.
“Рэзалюцыя аб неабходнасці прыняцця мер у сувязі з працягам падаўлення і фіктыўнымі выбарамі ў Беларусі” прынятая 22 студзеня 2025 года.
19 верасня 2024 года прынятая рэзалюцыя аб становішчы палітвязняў у Беларусі.
8 лютага 2024 года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю “Новая хваля масавых арыштаў актывістаў апазіцыі і членаў іх сем’яў у Беларусі”.
13 верасня 2023 года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой запатрабаваў ад беларускіх уладаў спынення “спіралі гвалту, катаванняў, рэпрэсій і прапаганды супраць іншадумцаў”, безумоўнага вызвалення палітвязняў.
На наступны дзень еўрапарламентарыі ўхвалілі рэзалюцыю “Нявызначанасць адносна месцазнаходжання Мікалая Статкевіча і нядаўнія напады на членаў сямей беларускіх палітыкаў і актывістаў”, у якой запатрабавалі “неадкладнага і безумоўнага вызвалення “палітыка”і ўсіх 1.500 палітычных зняволеных”.

Ціханоўская выступіць у Еўрапарламенце
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаПрадукты, алкаголь, цыгарэты падаражэлі за дзевяць месяцаў амаль на 7%, год таму фіксаваўся рост на 3,7%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская ў Еўрапарламенце заклікала не падманвацца “гуманнасцю” Лукашэнкі і працягваць ціск на рэжым (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваКолькасць аварый з веласіпедамі зменшылася ўдвая пасля новаўвядзенняў у ПДР — кіраўнік ДАІ (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 22 кастрычніка — 30 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+