Мінск 15:51

Лаўрэатамі прэміі “Голас пакалення свабоды” абвешчаныя 18 чалавек

Ілюстрацыя з тэлеграм-канала "Прэс-клуба Беларусь"

21 кастрычніка, Позірк. Журы заснаванай у 2025 годзе прэміі “Голас пакалення свабоды” абвясціла першых лаўрэатаў — агулам 18 чалавек.

Паводле інфармацыі “Прэс-клуба Беларусь”, імі сталі (у алфавітным парадку паводле прозвішчаў):

  • актрыса Зоя Белахвосцік,
  • фатограф Генадзь Верацінскі,
  • праваабаронца Уладзімір Вялічкін,
  • акцёр Аляксандр Гарцуеў,
  • журналіст Алег Груздзіловіч,
  • выкладчыца Наталля Дуліна,
  • культуролаг Максім Жбанкоў,
  • праваабаронца Андрэй Завадскі,
  • праваабаронца Аляксандр Капуцкі,
  • журналіст Валер Карбалевіч,
  • аналітык “Позірку” Аляксандр Класкоўскі,
  • літаратар Зося Кустава,
  • журналістка Любоў Лунёва,
  • журналіст Віктар Марчук,
  • выкладчыца Тамара Мацкевіч,
  • філосаф Уладзімір Мацкевіч,
  • экаактывістка Ірына Сухій,
  • журналіст Сяргей Сыс.

Арганізатарамі прэміі “Голас пакалення свабоды” з’яўляюцца Беларускі ПЭН, праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, “Прэс-клуб Беларусь”, Фонд “Свабодная прэса для Усходняй Еўропы” (пры падтрымцы шэрагу арганізацый).

Узнагарода, як адзначана на сайце “Прэс-клуба Беларусь”, заснаваная для таго, каб адзначыць выбітных асоб беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце ад 60 гадоў, якія пасля 2020 года “былі вымушаны з’ехаць з Беларусі праз пераслед і працягваюць сваю працу па-за межамі краіны ў Польшчы, Чэхіі ці Літве”.

Прэмія ўключае фінансавую частку (некалькі тысяч эўра). Імёны лаўрэатаў будуць апублікаваныя ў зборніку, які плануецца прадставіць у лістападзе 2025 года.

Падзяліцца: