Мінск 15:46

Пад Барысавам праходзяць вучэнні па грамадзянскай абароне, адпрацоўваюцца дзеянні пры адмове крытычнай інфраструктуры

Відэа: прэс-служба МНС / стоп-кадр: "Позірк"

21 кастрычніка, Позірк. Комплексныя вучэнні з рэспубліканскімі службамі грамадзянскай абароны распачаліся 21 кастрычніка на палігоне пад Барысавам (Мінская вобласць), паведамляе прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі адзначыў, што вучэнні важныя для “абароны насельніцтва” і “забеспячэння ўстойлівага функцыянавання аб’ектаў эканомікі, камунікацый і сістэм жыццезабеспячэння”.

“Сёння мы ў комплексе адпрацоўваем дзеянні ўсіх службаў грамадзянскай абароны: як практычныя дзеянні, так і мерапрыемствы, звязаныя з адпрацоўкай пытанняў праходжання інфармацыі, — сказаў ён. — Гатоўнасць сіл і сродкаў ДСНС і ГА да дзеянняў па прызначэнні з’яўляецца адным з ключавых фактараў складовай часткі плана абароны краіны. Вынікі сённяшніх вучэнняў і раптоўных трэніровак, якія праходзілі ў рэгіёнах, будуць прааналізаваныя і выпрацаваныя прапановы па ўдасканаленні дзейнасці службаў грамадзянскай абароны”.

У рамках вучэнняў сярод іншага разгорнуты “медыцынскі атрад Міністэрства аховы здароўя пры падтрымцы канцэрна “Белнафтахім”.

“У палявых умовах, з падключэннем аўтаномнай крыніцы энергазабеспячэння і мабільнага пункта запраўкі, атрад прадэманстраваў гатоўнасць да працы ў самых складаных і нестабільных умовах, адпрацаваў аказанне экстранай і неадкладнай дапамогі пацярпелым у ачагах масавых санітарных стратаў і раёнах стыхійных бедстваў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, на месцы ўсталяваны мабільны медыцынскі шпіталь з шырокім профілем — “ад першаснай дыягностыкі і экстранай стабілізацыі стану пацярпелых да падрыхтоўкі да бяспечнага транспартавання ў стацыянарныя ўстановы”. Адзначаецца, што аб’ект працуе аўтаномна ад знешніх сетак, што “крытычна важна пры парушэнні інфраструктуры”.

Паводле інфармацыі прэс-службы МУС, на вучэннях “адпрацоўваюцца дзеянні пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый, у тым ліку ва ўмовах масавых парушэнняў функцыянавання камунальна-энергетычных сетак” (з’яўляюцца часткай крытычнай інфраструктуры).

Для выканання “задач службы грамадзянскай абароны да аховы грамадскага парадку” прыцягнутыя сілы і сродкі Барысаўскага РУУС і АМАП УУС Мінаблвыканкама.

У мерапрыемстве ўдзельнічае кіраўніцтва ўрада, міністэрстваў, ведамстваў, а таксама дзяржсакратарыята Савета бяспекі.

Адметна, што вучэнні праводзяцца на фоне рэгулярнага парушэння паветранай прасторы беспілотнікамі, як мяркуецца, тымі, якімі Расія атакуе ўкраінскую тэрыторыю, а таксама на фоне ўсё больш частых нападаў Украіны на паліўную інфраструктуру РФ.

Падзяліцца: