Мінск 13:29

Работнікі МНС атрымалі права надглядаць грамадзян на сваіх аб’ектах

Ілюстрацыйнае фота: zarya.by

21 кастрычніка, Позірк. Работнікам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях нададзеныя правы, якія ўрад вызначыў для ваенізаванай аховы. Норма замацаваная законам “Аб змене законаў па пытаннях дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях”, апублікаваным 21 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

З дакумента вынікае, што работнікі МНС цяпер маюць права праводзіць асабісты надгляд грамадзян (у тым ліку маёмасці пры іх), а таксама транспартных сродкаў (і рэчаў у іх), якія праходзяць або праязджаюць на аб’екты органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Пры гэтым яны могуць выкарыстоўваць “спецыяльныя тэхнічныя сродкі, тэхнічныя сродкі, што ажыццяўляюць гука- і відэазапіс”.

У грамадзян, якія прыбываюць на аб’екты структур па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі ведамства могуць правяраць дакументы, якія пацвярджаюць асобу; дакументы, якія даюць права на ўваход і выхад асоб, уезд і выезд транспарту, унос і ўвоз, а таксама вынас і вываз маёмасці.

Работнікі МНС таксама могуць “забіраць на часовае захоўванне” прадметы, якія забаронена праносіць або правозіць на згаданыя аб’екты.

Пры выкананні задач, “ускладзеных на органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях”, прадстаўнікі ведамства раней у выпадку неабходнасці маглі ўжываць фізічную сілу, а цяпер яшчэ і спецыяльныя сродкі.

Да таго, як прымяніць сілу і спецсродкі, работнік МНС павінен “дакладна і відавочна” папярэдзіць пра намер пайсці на такі крок і даць дастаткова часу, каб яго патрабаванні былі выкананыя. Выключэнне — выпадкі, калі прамаруджванне “створыць непасрэдную небяспеку для жыцця работніка <…>, іншых грамадзян або можа пацягнуць іншыя цяжкія наступствы”.

Ва ўсіх выпадках, калі пазбегнуць выкарыстання сілы, спецсродкаў або зброі немагчыма, работнік абавязаны “імкнуцца нанесці найменшую шкоду жыццю, здароўю, гонару, годнасці і маёмасці грамадзян, а таксама зрабіць захады па неадкладным аказанні пацярпелым першай ды іншай неабходнай дапамогі”.

Палата прадстаўнікоў прыняла адпаведны законапраект 3 кастрычніка. Тады член камісіі ПП па нацыянальнай бяспецы Анатоль Булаўка заявіў дэпутатам, што галоўная мэта дакумента — падвысіць бяспеку грамадзян і “ўзмацніць эфектыўнасць дзейнасці” органаў па НС.

7 кастрычніка праект закона ўхваліў Савет Рэспублікі. Прадстаўляючы дакумент, кіраўнік камісіі СР па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік сярод іншага паведаміў, што законапраект скіраваны “на ўдасканаленне прававога рэгулявання грамадскіх дачыненняў у сферы дзейнасці” МНС.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон 16 кастрычніка.

Падзяліцца: