Мінск 03:09

Ціханоўская: Першыя крокі для выхаду з крызісу — вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсій

20 кастрычніка, Позірк. Першыя крокі выхаду з крызісу ў Беларусі — вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсіяў, заявіла 20 кастрычніка дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на пашыранай нефармальнай вячэры міністраў замежных справаў краінаў Еўрасаюза з удзелам прадстаўнікоў Турцыі, Украіны, Ірака і іншых дзяржаў ў Люксембургу.

Усяго ў сустрэчы ўдзельнічалі больш за 28 чалавек.

Абмяркоўвалася сітуацыя на Блізкім Усходзе, вайна Расіі супраць Украіны, “сітуацыя ў рэгіёне”, паведамляе прэс-служба беларускага палітыка. Ціханоўская спынілася на сітуацыі ў Беларусі, “пытаннях бяспекі і ваенных рызыкаў, а таксама прадставіла бачанне Аб’яднанага пераходнага кабінета адносна шляхоў вызвалення палітвязняў”.

З еўракамісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Мартай Кос Ціханоўская абмеркавала падтрымку грамадзянскай супольнасці, культурніцкіх ініцыятыў, НДА, СМІ і адукацыйных праграм для беларусаў за мяжой.

З неназванымі еўрапейскімі міністрамі абмеркавана таксама падтрымка незалежных СМІ, палітвязняў і рэпрэсаваных, “палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі, гуманітарныя намаганні ЗША па вызваленні палітвязняў, а таксама сітуацыя з правамі чалавека” ў краіне.

Ціханоўская асобна сустрэлася з міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам.

З міністрам замежных справаў Малдовы Міхаем Папшоем абмеркавана пашырэнне дыпламатычных кантактаў і падтрымка беларусаў у краіне.

Падчас размовы з міністрам замежных справаў Арменіі Араратам Мірзаянам палітык “прывітала курс краіны на еўраінтэграцыю”.

З міністрам замежных спраў Турцыі Хаканам Фіданам Ціханоўская закранула пытанні бяспекі беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне і “магчымасці для далейшай камунікацыі” з уладамі.

У Беларусі на 20 кастрычніка 1.234 чалавекі, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі.

Падзяліцца: