Мінск 20:15

Лукашэнка хоча “амбітных энергічных дзеянняў” і “прарыўных праектаў” з Мардовіяй

Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік Мардовіі Арцём Здуноў
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

20 кастрычніка, Позірк. “Амбітныя энергічныя дзеянні” і “годныя прарыўныя праекты” неабходныя ў эканамічнай супрацы Беларусі і Мардовіі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы з кіраўніком гэтага суб’екта РФ Арцёмам Здуновым.

Паводле слоў палітыка, якога цытуе яго прэс-служба, тавараабарот Беларусі і Мардовіі ў 2024 годзе склаў больш за 130 млн долараў. Гэта, мяркуе ён, “далёка не столь з улікам прамысловай базы” абодвух бакоў. Лукашэнка прапанаваў “максімальна нарошчваць патэнцыял сумесных праектаў, якія ўжо рэалізуюцца, у сферы вагонабудавання, мікраэлектронікі, вытворчасці ліфтаў”.

Гаспадар сустрэчы таксама прапанаваў расійскаму госцю “наладжваць супрацу паміж профільнымі інстытутамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій, падрыхтоўкі IT-спецыялістаў, у сумеснай працы над праграмнымі прадуктамі, штучным інтэлектам”, а таксама “дзяліцца досведам”.

На думку палітыка, Мардовія і Беларусь “у аграрным сектары маюць вельмі шмат агульнага”. Ён выказаў упэўненасць у тым, што “беларуская сельгастэхніка можа стаць добрай дапамогай для далейшага нарошчвання патэнцыялу аграрыяў Мардовіі”.

Пры гэтым Лукашэнка канстатаваў, што сітуацыя на расійскім рынку — асноўным для Беларусі — цяпер “у цэлым няпростая”.

“Бачым праблемы на гэтым рынку. Мы разумеем, што іх не вырашыць у аднабаковым парадку. Мы таксама павінны ў гэтым напрамку дадаваць і, як у народзе кажуць, упірацца”, — сказаў ён.

Гаворка таксама ішла пра “пашырэнне магчымасцяў навучання мясцовых маладых спецыялістаў АПК працы на беларускіх сельскагаспадарчых машынах”. Беларусь, паводле слоў палітыка, гатовая зрабіць намаганні для навучання не толькі будучых механізатараў у Мардовіі, але і інжынераў, “якія будуць потым маштабаваць гэтыя навыкі”.

Яшчэ адным кірункам супрацы Лукашэнка назваў фармацэўтыку. У плане падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі спецыялістаў гэтага профілю, на яго думку, маглі б узаемадзейнічаць Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і Мардоўскі дзяржаўны ўніверсітэт.

Мінск таксама прапануе арганізаваць на вытворчых магутнасцях прадпрыемства “Белмедпрэпараты” выпуск лекавых прэпаратаў “з партфеля” групы кампаній “Прамамед”, галоўная вытворчая пляцоўка якой месціцца ў Саранску.

Здуноў паведаміў, што ў Беларусі працуе 60 прадпрыемстваў Мардовіі, якія рэалізуюць сумесныя праекты. У ліку “асноўных арыенціраў у развіцці супрацы” з Беларуссю кіраўнік расійскага рэгіёну назваў кааперацыю, сумесныя продажы на знешніх рынках і забеспячэнне сэрвіснага абслугоўвання.

“Пяць прадпрыемстваў Мардовіі ўжо маюць дылерскія цэнтры на тэрыторыі Беларусі. Гэта пытанне даверу, хуткага сэрвісу. Перш за ўсё гэта кабельная прамысловасць, паўправаднікі, святлотэхнічная прамысловасць”, — сказаў ён.

Падзяліцца: