Мінск 16:57

Лукашэнка абмеркаваў з кіраўніком Мардовіі ідэю зняць фільм пра меркаванага забойцу Кенэдзі

Лі Харві Освальд з жонкай Марынай
Крыніца фота: Courtesy of National Archives / Public Domain

20 кастрычніка, Позірк. Зрабіць акцэнт на сумеснай працы ў сферы кінавытворчасці прапанаваў Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы з кіраўніком Рэспублікі Мардовія (РФ) Арцёмам Здуновым.

Палітык, словы якога прыводзіць яго прэс-служба, адзначыў, што ў Беларусі былі б “вельмі зацікаўленыя ў абмене досведам і дапамозе кадравай”, паколькі ў краіне цяпер “вялікая ўвага надаецца” кінематаграфіі.

Лукашэнка падзяліўся з суразмоўцам ідэяй зняць шматсерыйны фільм пра Лі Харві Освальда — меркаванага забойцу 35-га прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі (забіты снайперам 22 лістапада 1963 года).

У 1960-я гады Освальд прыехаў у Савецкі Саюз і пражыў у Мінску амаль два з паловай гады, працаваў токарам на Мінскім радыёзаводзе імя Леніна (цяпер “Гарызонт”).

“Былі б у гэтым вельмі зацікаўленыя і маглі б надаць свае паслугі, пляцоўку і заняцца пошукам фінансавання гэтага, упэўнены, цікавага фільма”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, тэма забойства Кенэдзі ў ЗША “цяперашнім прэзідэнтам Дональдам Трампам актыўна ўзнімалася”.

“Калі своечасова здымем гэты фільм, будзе да месца, актуальным будзе фільм”, — лічыць Лукашэнка.

“У беларуска-расійскім напрамку можна шмат агульных тэм знайсці з гісторыі, вельмі карысных для нас у тым ліку”, — дадаў ён.

Наведваючы 10 чэрвеня 2025 года “Беларусьфільм”, Лукашэнка неадназначна выказаўся пра фінансавую падтрымку кінастудыі — спачатку адмовіў, затым высунуў умовы.

“Няхай вырабляюць, прадаюць і жывуць. Не — да пабачэння. Колькі можна дапамагаць? Яны ж фактычна вісяць на плячах дзяржавы. А за што даваць грошы?”, — сказаў палітык.

2 снежня 2024 года Лукашэнка раскрытыкаваў стан айчыннага кінематографа: “Проста ганьба”. “Гэта недапушчальна, — сказаў ён. — Мы скаціліся, мы сталі горш выглядаць да таго савецкага перыяду, калі надавалі сур’ёзную ўвагу кінематографу. Не скажу, што мы ў гэтым не зацікаўленыя, але нечаму ўсе хочуць мець грошы, але на выхадзе не хочуць пагадзіцца з тым, што трэба мець добры фільм, карціну добрую”.

Аднак затым палітык, як вынікала з паведамлення яго прэс-службы, “не выключыў магчымасці фінансавай падтрымкі”. Для гэтага, паводле яго патрабавання, “патрэбныя эфектыўнасць і аддача, каб на выхадзе было якаснае запатрабаванае кіно”.

12 снежня таго ж года начальніца аддзела Міністэрства культуры па кінематаграфіі Ірына Дрыга заявіла на прэс-канферэнцыі, што ў 2024 годзе доля беларускіх фільмаў у беларускім кінапракаце павялічылася да 25%. На той год, паводле яе слоў, з бюджэту было выдаткавана больш за 14 млн рублёў — на вытворчасць 25 фільмаў.

Падзяліцца: