Мінск 17:00

Беларусь гатовая развіваць супрацу з В’етнамам у галіне падрыхтоўкі вайсковых кадраў, а таксама ваеннай навукі і медыцыны (дапоўнена)

Фота: "Газета Народнай арміі"

дададзеныя абзацы 6–7

20 кастрычніка, Позірк. Мінск гатовы развіваць супрацу з Ханоем у вайсковай сферы, заявіў 20 кастрычніка на сустрэчы з міністрам нацыянальнай абароны В’етнама Фан Ван Зянгам першы намеснік міністра абароны — начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Павел Муравейка.

Паводле інфармацыі “Газеты Народнай арміі” (афіцыйны друкаваны орган УС В’етнама), беларускі чыноўнік, які цяпер наведвае краіну, “пагадзіўся з прапановамі” кіраўніка в’етнамскага абароннага ведамства і “пацвердзіў, што Беларусь будзе прасоўваць супрацу ў галіне падрыхтоўкі кадраў на аснове патрэбаў абодвух бакоў, а таксама гатовая пашыраць узаемадзеянне ў іншых перспектыўных сферах — ваеннай навуцы, вайсковай медыцыне ды іншых”.

Фан Ван Зянг выказаў надзею на тое, што абедзве краіны “працягнуць каардынаваць намаганні і эфектыўна рэалізуюць дасягнутыя дамоўленасці, засяродзіўшы ўвагу на такіх галінах, як абмен дэлегацыямі, эфектыўнае выкананне падпісаных дакументаў аб супрацы, падтрыманне розных форм абмену і ўзаемадзеяння паміж родамі войск армій дзвюх краін”.

Паводле слоў в’етнамскага міністра, сёння Ханой і Мінск узаемадзейнічаюць у галіне абароны “эфектыўна, у адпаведнасці з агульным характарам традыцыйных дружалюбных стасункаў і шматбаковай супрацы, а таксама з міжнароднымі дагаворамі і пагадненнямі, падпісанымі бакамі”.

“Генерал арміі Фан Ван Зянг пацвердзіў, што народ і Народная армія В’етнама высока цэняць падтрымку і бясцэнную дапамогу, якую народ і армія Беларусі аказалі В’етнаму ў барацьбе за нацыянальную незалежнасць і аб’яднанне краіны. У знак удзячнасці за гэтую дапамогу Міністэрства нацыянальнай абароны В’етнаму пабудавала манумент “Счяброўства і салідарнасць: В’етнам — Савецкі Саюз” (у якім увекавечаны і вайсковыя спецыялісты з Беларусі) на тэрыторыі Музея гісторыі В’етнамскай арміі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што на сустрэчы Муравейкі з в’етнамскім міністрам была “пацверджана зацікаўленасць ва ўмацаванні шчыльных сувязей”, “закрануць шырокі спектр пытанняў, у тым ліку вайсковага, вайскова-тэхнічнага і гандлёва-эканамічнага характару”.

З начальнікам Генштаба ВС В’етнама Нгуен Тан Кыёнгам беларускі военачальнік абмяняўся думкамі “па пытаннях міжнароднага парадку дня”. “Дэталёва абмеркаваныя пытанні ўзаемадзеяння ў вайсковай сферы з улікам напрамкаў узаемнай цікавасці, падкрэслена важнасць пераходу ўзаемадзеяння на якасна новы ўзровень — стратэгічнае партнёрства”, — заявіла ваеннае ведамства.

На сустрэчы 12 траўня ў Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў генеральнаму сакратару ЦК Камуністычнай партыі В’етнама То Ламу пра гатоўнасць аднавіць пастаўкі ў гэтую краіну прадукцыі вайскова-прамысловага комплексу Беларусі. “Адкрыта можна казаць сёння пра тое, што мы інтэнсіўна супрацоўнічалі з вамі ў галіне вайскова-прамысловага комплексу, паставак нашых узораў узбраенняў у В’етнам. Калі вам гэта будзе цікава, мы гатовыя гэта аднавіць”, — сказаў спікер свайму суразмоўцу.

Беларусь і В’етнам маюць двухбаковую камісію па вайскова-тэхнічнай супрацы. Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, апошняе — 18-е — пасяджэнне адбылося ў В’етнаме ў 2019 годзе. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў Раман Галоўчанка, які тады займаў пасаду кіраўніка Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта (у 2020–2025 гадах — прэм’ер-міністр, з 10 сакавіка 2025-га — старшыня праўлення Нацыянальнага банка).

У снежні 2024 года дэлегацыя Дзяржкамваенпрама ўдзельнічала ў выставе VIETNAM DEFENCE EXPO 2024. Тады паведамлялася, што кіраўнік ведамства Дзмітрый Пантус як кіраўнік беларускай дэлегацыі ў вышэйзгаданай камісіі сустрэўся з яе сустаршынёй з в’етнамскага боку, намеснікам міністра нацыянальнай абароны Ле Х’ю Вінем. Яны абмеркавалі “рэалізацыю раней дасягнутых дамоўленасцей, разгледзелі пытанні тэхналагічнай супрацы, а таксама намецілі шэраг новых напрамкаў для сумеснай працы на бліжэйшыя гады”.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і В’етнамам усталяваныя 24 студзеня 1992 года. Беларускае гандлёвае прадстаўніцтва ў Ханоі было пераўтворанае ў амбасаду ў снежні 1997 года, в’етнамская дыпмісія ў Мінску адкрылася напрыканцы 2003-га.

У снежні 2023 года ў Хашыміне адкрытае генеральнае консульства Беларусі.

Паводле інфармацыі МЗС, тавараабарот Беларусі і В’етнама ў 2021 годзе склаў 200,3 млн долараў (беларускі экспарт — 92,9 млн, в’етнамскія пастаўкі — 107,4 млн, адмоўнае сальда — 14,5 млн). Актуальных даных у адкрытым доступе няма.

Падзяліцца: