Мінск 15:47

Выезду з Беларусі ў ЕС чакае амаль 6 тыс. грузавікоў

19 кастрычніка, Позірк. 5.990 грузавых аўтамабіляў чакала выезду з Беларусі ў сумежныя краіны Еўрасаюза на 12:00 19 кастрычніка (тыднем раней на гэты час — 5.920), вынікае з аператыўных звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта.

У пункце пропуску Казловічы (з польскага боку Кукурыкі) было 3.775 фур (3.750), у Каменным Логу (з літоўскага боку Мядзінінкай) — 800 (750), у Беняконях (Шальчынінкай) — 710 (640), у Грыгараўшчыне (з латвійскага боку Патэрніекі) — 705 (780).

Аўтобусы на ўказаны час (14 адзінак) фіксаваліся толькі ў пункце пропуску Брэст (Цярэспаль) на мяжы з Польшчай. Тыднем раней чэргаў аўтобусаў не было.

Чэргі легкавых аўтамабіляў былі ў Брэсце — 105 (адсутнічалі) і Каменным Логу — 30 (40). У іншых пунктах пропуску аўтамабіляў на 12:00 не было як 19 кастрычніка, так і 12-га.

Аб аднаўленні з 24 верасня працы пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю (акрамя трох, якія зачыненыя ў рамках санкцый супраць беларускага рэжыму) абвясціў 23 верасня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў выпадку неабходнасці — калі “ўзмоцніцца напружанасць або агрэсіўныя паводзіны некаторых суседзяў” — урад “не будзе вагацца” і закрые мяжу зноў.

Польшча закрыла мяжу з Беларуссю 12 верасня, калі пачаліся беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні “Захад-2025”, якія і паслужылі падставай для такога рашэння.

Падзяліцца: