Мінск 15:45

Праўладная партыя “Белая Русь” і Кампартыя Кубы падпісалі “дарожную карту” аб двухбаковым супрацоўніцтве

19 кастрычніка, Позірк. “Дарожную карту” аб двухбаковым супрацоўніцтве падпісалі ў Гаване партыя “Белая Русь” і Камуністычная партыя Кубы.

У тэлеграм-канале беларускай структуры адзначаецца, што дакумент падпісалі старшыня “Белай Русі” Вольга Чамаданава і член Палітбюро, сакратар ЦК КПК па арганізацыйных пытаннях Раберта Маралес Ахеда.

Заяўляецца, што ў “дарожнай карце” змяшчаецца “канкрэтная праграма дзеянняў у галіне палітыкі, эканомікі, моладзевай сферы і міжнародных адносін”.

“Бакі ўзялі на сябе абавязацельствы па каардынацыі дзеянняў на міжнароднай арэне ў мэтах умацавання суверэнітэту Беларусі і Кубы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Дакумент сярод іншага прадугледжвае ўзаемныя візіты, абмен інфармацыяй “палітычнага зместу”, “узаемнае вывучэнне досведу партыйнага будаўніцтва”.

“Асобныя палажэнні “дарожнай карты” прысвечаныя ўзаемадзеянню з органамі дзяржаўнай улады і суб’ектамі гаспадарання ў мэтах пашырэння гандлёва-эканамічных сувязяў паміж Беларуссю і Кубай”, — падкрэсліваецца ў публікацыі.

Куба — адна з самых бедных краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Пазіцыянуе сябе як сацыялістычная рэспубліка, адзіная партыя ў краіне — камуністычная, апазіцыя пераследуецца.

Улады ў Мінску актыўна супрацоўнічаюць з Гаванай, у тым ліку ў вайсковай сфэры. У чэрвені гэтага года Беларусь наведваў прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель Бермудэс.

Улетку і ўвосень 2023 года рэжым Аляксандра Лукашэнкі ліквідаваў 12 палітычных партый. У краіне засталося чатыры праўладныя партыі — “Белая Русь”, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці.

Падзяліцца: