Мінск 14:27

Літоўскія памежнікі не прапусцілі ў Беларусь грамадзяніна Бразіліі з падробленым дакументам

Фота: САДМ Літвы

18 кастрычніка, Позірк. Грамадзянін Бразіліі з падробленым дакументам спрабаваў трапіць з Літвы ў Беларусь, вынікае з інфармацыі літоўскай Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ).

Паводле інфармацыі ведамства, інцыдэнт адбыўся 16 кастрычніка ў пункце пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог). 32-гадовы бразілец з дазволам на жыхарства ў Латвіі, які прыбыў на аўтамабілі “Лэнд Ровер Дыскаверы” з латвійскімі нумарамі, перадаў памежнікам дакументы на транспарт, пасведчанне асобы, а таксама пасведчанне кіроўцы. Сапраўднасць апошняга, як было пазначана, выдадзенага ў Партугаліі ў 2015 годзе, выклікала сумневы ў супрацоўнікаў памежнай службы.

“Пасля дбайнай праверкі высветлілася, што пасведчанне кіроўцы з’яўляецца поўнай падробкай, вырабленай з парушэннем патрабаванняў да вытворчасці абароненых дакументаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Замежнік быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар. Пасля допыту 17 кастрычніка ён быў арыштаваны на сем сутак.

Па факце “падробкі або выкарыстання падробленага дакумента” распачатае дасудовае расследаванне пад кіраўніцтвам пракурора 1-га аддзела Віленскай акруговай пракуратуры. Грамадзяніну Бразіліі пагражае штраф, абмежаванне волі, арышт ці пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў.

Падзяліцца: