Мінск 12:17

Высечцы падлягае больш за 2 млн кубаметраў пашкоджанай летнімі вятрамі драўніны — КДК

Ілюстрацыя: Мінлясгас

17 кастрычніка, Позірк. Больш за 2 млн кубаметраў пашкоджанай драўніны неабходна высекчы для ліквідацыі наступстваў ураганных вятроў, паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Прадпрыемствы лясной галіны вывезлі каля 1 млн кубаметраў драўніны, аднак праверкі КДК і Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету выявілі яшчэ больш за 280 лесапрамысловых складаў з драўнінай, складзіраванай па-за межамі ляснога фонду. Частка драўніны дагэтуль застаецца на сельгасземлях, адзначаецца ў паведамленні.

Таксама ўказваецца на несвоечасовае правядзенне санітарных высечак усыхаючых хвойных насаджэнняў, аб’ём якіх дасягнуў 800 тыс. кубаметраў. Больш за ўсё іх у Мінскай і Магілёўскай абласцях.

Тым часам у сярэдзіне жніўня дзяржаўныя СМІ прызналі, што не ліквідаваныя наступствы непагадзі, якая ў ліпені 2024 года зрабіла значную шкоду ў Гомельскай вобласці. Па выніках інспекцыйнай паездкі міністра лясной гаспадаркі Аляксандра Куліка адзначалася, што 450 тыс. кубаметраў бураломнай драўніны працягвае ляжаць уздоўж сельгаспалёў і на лясных ускраінах.

Непагадзь 13 і 14 ліпеня 2024 года прывяла да маштабных пашкоджанняў у сістэме электраперадачы, парушэнню водазабеспячэння, у Гомельскай вобласці ўводзіўся рэжым надзвычайнай сітуацыі. Загінула сем чалавек.

Сітуацыя прадэманстравала непадрыхтаванасць уладаў да рэагавання на падобныя інцыдэнты.

Гл. па тэме:

Невыученный урок. Ураган показал, что власть бездушна и не готова к настоящим вызовам (на рускай мове)

Падзяліцца: