Мінск 20:46

Літоўскія ўлады часова вярнулі Ціханоўскай ахову

Святлана Ціханоўская
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

17 кастрычніка, Позірк. Літоўскія ўлады часова вярнулі Святлане Ціханоўскай ахову, паведамляе партал LRT са спасылкай на дарадцу дэмакратычнага лідара па дыпламатычных пытаннях Дзяніса Кучынскага.

“Учора (16 кастрычніка. — “Позірк”.) нам была вернутая часовая ахова ад службы аховы кіраўніцтва [краіны], пакуль будзе створаная новая сістэма бяспекі. Таксама мы аднавілі працу нашага офіса. Спадзяёмся, што знойдзем далейшыя супольныя рашэнні для працягнення працы ў Літве”, — сказаў Кучынскі.

Паводле яго слоў, незалежна ад абставін і рашэнняў Літвы беларусы заўсёды будуць удзячныя ёй за падтрымку іх барацьбы і за прыём у сябе. “Наша задача — вярнуць свабоду Беларусі, вярнуцца дадому і быць надзейным суседам для Літвы”, — заявіў дарадца.

Кучынскі падкрэсліў важнасць таго, каб Літва заставалася лідарам, які падтрымлівае дэмакратычныя каштоўнасці і займае цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

17 кастрычніка літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў, што з боку Вільнюса ў дачыненні да Ціханоўскай “нічога не змяняецца”, а задача яе і каманды — “ацаніць, ці хочуць яны застацца ў Літве або выбраць іншае месца”.

“Усё застаецца, як было, і спадарыня Ціханоўская застаецца госцем нашай дзяржавы. Мы сапраўды даём прытулак людзям, якіх праследуюць як апазіцыянераў”, — цытуе Наўседу партал Delfi.

7 кастрычніка стала вядома, што Літва зніжае ўзровень фізічнай аховы Ціханоўскай, якая разам з сям’ёй жыве ў літоўскай сталіцы. Афіцыйная прычына — рэвізія ступені пагроз. Шэраг літоўскіх палітыкаў раскрытыкавалі гэтае рашэнне. Экс-прэм’ер Літвы Інгрыда Шыманітэ назвала яго не тэхнічным, а палітычным.

Дзейны кіраўнік урада Інга Ругінене адзначыла, што ахова Ціханоўскай не знятая, але “скарэктаваная з улікам цяперашніх рэалій”. Паводле яе, літоўскія службы “цудоўна выконваюць сваю працу, штодзённа ацэньваючы ўзровень пагроз і мадэлюючы, якія меры бяспекі варта прымяняць на падставе гэтага”.

Кучынскі заявіў 8 кастрычніка, што праца фізічнага офіса ў літоўскай сталіцы была прыпыненая ў сувязі “са зменамі ў сістэме аховы і бяспекі”.

Экс-міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс назваў зніжэнне ўзроўню фізічнай аховы Ціханоўскай здрадай.

14 кастрычніка Наўседа заявіў, што сітуацыя з аховай Ціханоўскай “драматызуецца”.

На думку дэпутата, віцэ-старшыні камітэта па еўрапейскіх справах Сейма Літвы Томаса Тамілінаса, узровень аховы Ціханоўскай як абранага прэзідэнта павінен застацца ранейшым, бо “беларускі рэжым ніяк не змяніўся”.

Падзяліцца: