Мінск 05:27

Наўседа: Задача Ціханоўскай і яе каманды — ацаніць, ці хочуць яны застацца ў Літве

Святлана Ціханоўская і Гітанас Наўседа
Архіўнае фота: старонка Ціханоўскай у Х

17 кастрычніка, Позірк. З боку Вільнюса ў дачыненні да беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай “нічога не мяняецца“, задача яе і каманды — “ацаніць, ці хочуць яны застацца ў Літве ці выбраць іншае месца”, заявіў літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа.

“Усё застаецца так, як было, і спадарыня Ціханоўская застаецца госцем нашай дзяржавы. Мы сапраўды даем прытулак людзям, якіх пераследуюць як апазіцыянераў“, — цытуе Наўседу партал Delfi.

“У любым выпадку, з нашага боку нічога не мяняецца”, — падкрэсліў прэзідэнт Літвы.

7 кастрычніка стала вядома, што Літва зніжае ўзровень фізічнай аховы Ціханоўскай, якая разам з сям’ёй пражывае ў літоўскай сталіцы. Афіцыйная прычына — рэвізія ступені пагроз. Шэраг літоўскіх палітыкаў раскрытыкавалі гэтае рашэнне. Экс-прэм’ер Літвы Інгрыда Шыманітэ назвала яго не тэхнічным, а палітычным.

Дзеючая кіраўнік урада Інга Ругінене адзначыла, што ахова Ціханоўскай “не знятая“, але “скарэктаваная з улікам бягучых рэалій“. На яе думку, літоўскія службы “выдатна выконваюць сваю працу, штодня ацэньваючы ўзровень пагроз і мадэлюючы, якія меры бяспекі варта ўжываць на аснове гэтага“.

Дарадца Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі заявіў 8 кастрычніка, што праца фізічнага офіса ў літоўскай сталіцы прыпыненая ў сувязі “са зменамі ў сістэме аховы і бяспекі“.

Паводле яго слоў, каманда Офіса знаходзіцца ў кантакце з літоўскімі партнёрамі “адносна дэталяў новай сістэмы бяспекі“: “Пасля таго як будзе зразумела, як менавіта яна будзе рэалізаваная, будуць прыняты рашэнні адносна фармату далейшай працы“.

Экс-міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс назваў зніжэнне ўзроўню фізічнай аховы беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай здрадай.

14 кастрычніка Наўседа заявіў, што сітуацыя з аховай Ціханоўскай драматызуецца.

На думку дэпутата, віцэ-старшыня камітэта па еўрапейскіх справах Сейма Літвы Томаса Тамілінаса, узровень аховы беларускага дэмакратычнага лідара як абранага прэзідэнта павінен застацца ў ранейшым, бо “беларускі рэжым ніяк не змяніўся“.

Падзяліцца: