Мінск 18:28

Арганізацыя дыяспары заклікала палякаў не пераносіць антыімігранцкую рыторыку на прыстойных беларусаў

Варшава
Ілюстрацыйнае фота: Iwona Castiello d'Antonio / unsplash.com

16 кастрычніка, Позірк. З заклікам “не звальваць імігрантаў у адну кучу” выступіла з адкрытым лістом да палітыкаў, СМІ і грамадства Польшчы зарэгістраваная ў гэтай краіне Асацыяцыя беларускай дыяспары (АБД; Stowarzyszenie Diaspora Białoruska w Polsce).

У лісце, падпісаным старшынёй праўлення арганізацыі Аляксеем Дзікавіцкім, канстатавана, што ў публічных дэбатах у Польшчы “рэдка згадваюць імігрантаў, у тым ліку сотні тысяч беларусаў, якія <…> цяжка працуюць і плацяць падаткі”, але ў кантэксце “нелегальных мігрантаў, якія парушаюць закон, з лёгкасцю кідаюцца абагульняльныя і часта несправядлівыя лозунгі, якія як бы аўтаматычна тычацца ўсіх замежнікаў”.

Асацыяцыя адзначыла, што “неасцярожныя выказванні некаторых палітыкаў пра імігрантаў наўпрост ўплываюць на тое, што адчуваюць прыезджыя на вуліцах польскіх гарадоў”.

“Не праходзіць тыдня, а то і дня, без інфармацыі пра тое, як нехта з так званым усходнім акцэнтам не пачуў бы недзе ў грамадскім месцы фразы “Прэч да сябе!” (часта з даданнем “ва Украіну”), — гаворыцца ў лісце. — Для тысяч беларусаў і беларусак, якія знайшлі прытулак і другі дом у Польшчы, “да сябе” азначае ў Беларусь — а туды яны проста не могуць вярнуцца, паколькі <…> былі вымушаныя ўцякаць ад рэпрэсій рэжыму, турмаў. <…> Цяжка паверыць, што ўсё гэта адбываецца насамрэч, бо Польшча, незалежна ад таго, хто ёю кіраваў, шматкроць і высакародна дапамагала і працягвае дапамагаць беларускаму народу”.

Арганізацыя беларускай дыяспары прызнала, што ў польскім грамадстве “існуюць і ўзмацняюцца апасенні перад некантраляваным прытокам мігрантаў”, аднак у Польшчы ў цэлым “атрымліваецца папаўняць дэмаграфічныя прабелы і недахоп працоўнай сілы” за кошт прыцягнення людзей з суседніх краін, а не “геаграфічна і культурна аддаленых”. Вынікам з’яўляецца адсутнасць “некантраляваных імігранцкіх гета або высокіх паказчыкаў цяжкіх злачынстваў, якія здзяйсняюцца замежнікамі”.

“Чаму б гэтым не ганарыцца? — звярнулася асацыяцыя да палітыкаў. — Чаму з парламенцкіх трыбун і з тэлестудый мы не чуем ад вас слоў пра поспех міграцыйнай палітыкі польскіх урадаў, а [чуем] толькі заявы, якія нярэдка становяцца палівам для распальвання антыімігранцкіх настрояў?”

“Мы заклікаем хаця б да кроплі пазітыўнага паслання — звярнуць увагу на тысячы лаяльных новых жыхарак і жыхароў Польшчы, якія ўдзячныя гэтай краіне і штодня працуюць на карысць яе развіцця”, — гаворыцца ў лісце.

Паводле інфармацыі арганізацыі, Польшчы “штогод трэба каля 270 тыс. дадатковых работнікаў, каб захоўваць эканамічны рост”. “Таму ў прыватных размовах польскія палітыкі прызнаюць, што нечаканае прыбыццё сотняў тысяч адукаваных і працавітых беларусаў, пераважна працаздольнага ўзросту, — гэта свайго роду падарунак лёсу, бо яны папаўняюць прабелы на рынку працы, з’яўляючыся пры гэтым народам, што гістарычна і культурна вельмі блізкі Польшчы, не стварае практычна ніякіх праблем”.

У той жа час “пра гэта амаль не кажуць”, канстатавала арганізацыя, звяртаючыся да польскіх СМІ. “Нядзіўна, што ў грамадстве фактычна няма дакладнай інфармацыі пра ўнёсак гэтых людзей у развіццё польскай дзяржавы”, — адзначыла яна, заклікаўшы журналістаў заўважаць і распавядаць пра беларусаў, якія “лечаць, будуюць, вучацца і выкладаюць, ствараюць музыку і тэатр, з гонарам і поспехамі прадстаўляюць Рэспубліку Польшча на міжнародных спартыўных турнірах <…> нават заяўляюць пра гатоўнасць абараняць Польшчу са зброяй у руках у выпадку неабходнасці”.

Ад сябе асабіста Дзікавіцкі заявіў, што жыве і працуе ў Польшчы амаль 25 гадоў і “ніколі не чуў на свой адрас нічога абразлівага”.

“Я веру, што і не пачую, што сітуацыя зменіцца да лепшага, а папулісцкая антыімігранцкая рыторыка, дзе ўсё змяшана з усім, не знойдзе шмат водгукаў, — адзначыў кіраўнік АБД. — Палякі не ёсць народам, варожым да замежнікаў, якія паважаюць традыцыі іх краіны, аддана працуюць, плацяць падаткі і ахвотна інтэгруюцца ў грамадства. А менавіта такімі ў сваёй пераважнай большасці з’яўляюцца беларусы”.

Паводле яго слоў, беларускі і польскі народы “звязваюць сотні гадоў агульнай гісторыі, хрысціянская вера, прыхільнасць да традыцый і еўрапейскіх культурных каштоўнасцей, адсутнасць гістарычных канфліктаў і шматлікія сямейныя сувязі”.

“Цяжка знайсці больш блізкія народы, чым палякі і беларусы. Пераважная большасць беларусаў і беларусак добрасумленна працуюць ці вучацца ў Польшчы, робячы ўнёсак у развіццё краіны. Прашу на простую чалавечую добразычлівасць да маіх суайчыннікаў”, — звярнуўся Дзікавіцкі да польскага грамадства.

У сярэдзіне чэрвеня 2025 года Дзікавіцкі заклікаў суайчыннікаў далучыцца да ініцыятыўнай групы па стварэнні Асацыяцыі беларускай дыяспары ў Польшчы. Пра рэгістрацыю АБД было абвешчана 5 верасня.

Дзікавіцкі быў намеснікам дырэктара тэлеканала “Белсат”, калі яго ўзначальвала Агнешка Рамашэўска-Гузы, пасля яе звальнення — з сакавіка мінулага года — выконваў абавязкі кіраўніка. У лістападзе 2024 года датэрмінова пакінуў пасаду.

На беларускіх палітычных мерапрыемствах у Польшчы ў апошні час выступае ў якасці прадстаўніка Рады БНР.

Падзяліцца: