Мінск 00:06

З пачатку года МАРГ выявіў парушэнні цэнаўтварэння ў больш як 200 суб’ектаў гаспадарання

15 кастрычніка, Позірк. У 212 суб’ектаў гаспадарання выявіла парушэнні за дзевяць месяцаў 2025 года Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, паведамляе прэс-служба МАРГ.

У тым ліку ўстаноўлена сем фактаў рэалізацыі прадукцыі за межы Беларусі па цэнах, ніжэйшых за ўстаноўленыя гранічныя мінімальныя.

Штрафныя санкцыі па разгледжаных адміністрацыйных справах склалі больш за 400 тыс. рублёў (з улікам матэрыялаў папярэдніх гадоў).

За рэалізацыю на экспарт па цэнах ніжэйшых за ўстаноўленыя межы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці СВК “Агракамбінат Сноў” (Мінская вобласць) і яго службовая асоба, яны аштрафаваны на 11 тыс. рублёў.

ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” (Гродзенская вобласць) за тое ж правапарушэнне аштрафаваны на больш як 6,5 тыс. рублёў (службовая і юрыдычная асоба).

У Брэсцкай вобласці ўстаноўлены факт “нядобрасумленнага пасрэдніцтва”. ТАА “Белінвестгандаль” пры продажы бюджэтным арганізацыям акумулятарных батарэй да легкавых аўтамабіляў “неабгрунтавана прымяняла аптовыя надбаўкі да адпускных цэн вытворцы (імпарцёра)”. Сума штрафаў на юрыдычную і службовую асобу склала больш за 25 тыс. рублёў.

У Магілёўскай вобласці спынена рэалізацыя тавараў школьнага асартыменту па завышаных цэнах — у магазінах на адзенне школьнага асартыменту прымяняліся гандлёвыя надбаўкі ў памеры да 80% замест 40%, на канцылярскія тавары яны даходзілі да 440%, гаворыцца ў рэлізе. За гэта 12 асоб прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.

Дзеючая ў Беларусі сістэма рэгулявання цэн была скарэкціравана шосты раз у красавіку. Адпаведную пастанову ўрада № 713 (6) падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.

У адпаведнасці з дакументам, “зыходзячы з балансу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку”, пералік тавараў, якія падлягаюць цэнаваму рэгуляванню, быў скарочаны з 331 да 211 пазіцый (-36,3%. — “Позірк”.).

З-пад дзеяння цэнавага рэгулявання былі выключаны тавары, якія рэалізуюцца рэзідэнтам Беларусі для наступнай пастаўкі на экспарт (пасля ўзгаднення такой здзелкі з адпаведным дзяржаўным органам) і тавары, якія рэалізуюцца ў стэрыльнай зоне аэрапортаў.

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”.

Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаны некаторыя групы тавараў, падкарэктаваны правілы рэгулявання цэн, у дакумент уносіліся змяненні.

31 кастрычніка мінулага года першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў заявіў, што Савет міністраў працуе над устараненнем негатыўных эфектаў, якія прынесла эканоміцы пастанову № 713.

На тэматычнай нарадзе 28 лютага Лукашэнка даручыў ураду да красавіка вызначыцца з новай сістэмай рэгулявання цэн.

21 сакавіка прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю паведаміла аб намеры “істотна скараціць пералік тавараў”, цэны на якія рэгулююцца.

Як паведамляў “Позірк”, спажывецкія цэны ў ліпені 2025 года выраслі на 0,2% у параўнанні з чэрвенем (на 5,6% — да снежня 2024 года, на 7,4% — да ліпеня 2024-га). Харчовыя тавары падаражэлі на 0,02%, нехарчовыя — на 0,1%, паслугі — на 0,7%.

У 2024 годзе інфляцыя ў Беларусі склалася на ўзроўні 5,16%.

Падзяліцца: