Мінск 00:09

Мінск заклікаў ААН “не палітызаваць злачынствы супраць чалавечнасці”, у якіх яго абвінавачваюць

15 кастрычніка, Позірк. “Не палітызаваць барацьбу са злачынствамі супраць чалавечнасці” заклікала пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый на пасяджэнні камітэта Генасамблеі ААН па прававых пытаннях, прысвечаным барацьбе з імі.

“Беларусь зноў пацвярджае прыхільнасць справе барацьбы з гэтай катэгорыяй крымінальных злачынстваў, прымае меры па іх прадухіленні і пакаранні за іх у рамках свайго нацыянальнага крымінальнага заканадаўства, гатова і далей падтрымліваць супрацоўніцтва ў гэтай сферы”, — цытуюць дзяржСМІ неназванага прадстаўніка беларускай дэлегацыі.

“Міждзяржаўная работа ў гэтай галіне” патрабуе “дэпалітызаванага, транспарэнтнага падыходу, які ўлічвае інтарэсы ўсіх дзяржаў”, заявілі ў дыпмісіі.

“У цяперашні час маецца сур’ёзнае разыходжанне пазіцый дзяржаў у меркаваннях па ключавых пытаннях дадзенай тэмы, такім як вызначэнне паняцця “злачынствы супраць чалавечнасці“, прымяненне універсальнай юрысдыкцыі, імунітэты службовых асоб ад замежнай крымінальнай юрысдыкцыі, механізмы ўрэгулявання спрэчак, ўзаемасувязь будучай канвенцыі і наяўнага нацыянальнага заканадаўства“, — заявіў прадстаўнік Мінска.

Дзейнасць па барацьбе са злачынствамі супраць чалавечнасці, паводле яго сцвярджэння, “робіцца ўсё больш і больш схільнай да відавочнай палітызацыі”.

Асобна згадваецца дзейнасць Міжнароднага крымінальнага суда: “У сваёй практыцы МУС неаднаразова парушаў як палажэнні ўласнага статута, так і агульнапрызнаныя нормы міжнароднага права, у тым ліку аб імунітэтах службовых асоб суверэнных дзяржаў, неабгрунтавана пашыраў уласную юрысдыкцыю. Нярэдка мае месца прывольнае палітычнае матыва”. злачынствам супраць чалавечнасці, калі ігнаруюцца крытэры шырокамаштабнасці і сістэматычнасці. Палітызацыя гэтых пытанняў, як і самі злачынствы супраць чалавечнасці, могуць ствараць пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы“.

25 верасня беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на дыскусіі па Беларусі з удзелам 40 прадстаўнікоў МЗС пераважна з еўрапейскіх краін на палях Генасамблеі ААН падкрэсліла, што важна падтрымаць зварот Літвы па Беларусі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

Пра тое, што Літва накіравала заяву ў Міжнародны суд ААН аб парушэнні Беларуссю сваіх абавязацельстваў у рамках Пратакола супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, мору і паветры ад 15 лістапада 2000 года, які дапаўняе Канвенцыю ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці, стала вядома 19 мая.

Гэта другі з восені мінулага года зварот Літвы ў міжнародныя суды ў сувязі з дзеяннямі беларускіх улад. 30 верасня 2024 года ўрад краіны перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МУС) у Гаазе матэрыялы аб “трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў”. Вільня патлумачыла сваё рашэнне тым, што больш не можа бяздзейнічаць.

У Беларусі беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі працягваюцца з 2020 года. Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, з таго часу больш за 8,4 тыс. чалавек сутыкнулася з крымінальным пераследам па палітычных матывах, сама меней 7,1 тыс. атрымала палітычна матываваныя прысуды, з іх 33 накіраваныя на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.

З пачатку 2025 года вядома пра больш як 1,7 тыс. палітычна матываваных затрыманняў.

Праваабаронцы “працягваюць фіксаваць выпадкі прымянення катаванняў і іншых форм недапушчальнага абыходжання пры расследаванні палітычна матываваных спраў, а таксама пры выкананні адміністрацыйных і крымінальных пакаранняў па такіх справах”.

У Беларусі 1.218 чалавек, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі. Застаюцца ў няволі мінімум 164 палітвязняў у асабліва ўразлівым становішчы, несумяшчальным са знаходжаннем там: з цяжкімі захворваннямі, непаўналетнія, шматдзетныя, з сямейнымі цяжкасцямі ці на прымусовым псіхіятрычным лячэнні.

Дабівацца адказнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці маюць намер беларускія дэмакратычныя сілы, у першую чаргу, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

Падзяліцца: