Мінск 00:15

Да канца года колькасць электрамабіляў у Беларусі дасягне 50 тыс. — віцэ-прэм’ер Каранкевіч

Фота: atlantm.by

15 кастрычніка, Позірк. Улады чакаюць, што да канца 2025 года колькасць электрамабіляў у Беларусі вырасце да 50 тыс., заявіў віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч на панэльнай сесіі форуму “Расійскі энэргетычны тыдзень“.

Паводле слоў чыноўніка, якія перадае прэс-служба Міністэрства энергетыкі, “у сярэднетэрміновай перспектыве па іх колькасці чакаецца выхад на 10% ад агульнага аўтапарка краіны“.

Каранкевіч адзначыў, што развіццю электратранспарту ў краіне садзейнічала будаўніцтва Беларускай АЭС. Яна, сцвярджае віцэ-прэм’ер, “забяспечыла не толькі энергабяспеку, але і развіццё сумежных галін [Беларусі]“.

У прыватнасці, на яго думку, былі “створаныя тысячы працоўных месцаў і высокаэфектыўныя вытворчасці, запушчаныя інавацыйныя праекты ў сферы цыфравізацыі, адытыўных тэхналогій, сістэм назапашвання энергіі, медыцыны“.

Па выніках дзевяці месяцаў 2025 года афіцыйныя дылеры прадалі 5.616 “зялёных” аўтамабіляў супраць 1.998 за той жа перыяд мінулага года (рост у 2,8 раза), адзначаў раней член праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Самойла.

З пачатку года ў Беларусі 10.968 электрамабіляў атрымала “допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху”, паведамляла прадпрыемства “Белтэхагляд” (за студзень — верасень 2024-га — 771; рост у 2,8 раза).

У 2024 годзе колькасць легкавых электрамабіляў у жыхароў Беларусі вырасла ў 3,2 раза (з 6.413 да 20.745), вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Падзяліцца: