ДФР справаздачыўся аб “выкрыцці фактаў карупцыі” ў энергетыцы, за хабар затрыманыя прадстаўнікі трох прадпрыемстваў

15 кастрычніка, Позірк. Пра “выкрыццё фактаў карупцыі ў энергетычным комплексе” паведаміў Дэпартамент фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржаўнага кантролю (КДК).
Затрыманыя прадстаўнікі трох прадпрыемстваў, якія, як адзначаецца, “незаконна атрымалі грашовыя сродкі за лабіраванне інтарэсаў камерцыйных структур“.
Памеры атрыманых хабараў у трох згаданых выпадках склалі адпаведна 134 тыс., 5 тыс. і 3 тыс. рублёў.
У першым выпадку з доказамі злачынства пры атрыманні хабару затрыманы першы намеснік генеральнага дырэктара сталічнага прадпрыемства, якое займаецца мантажом і устаноўкай прамысловых машын і абсталявання, адзначае ДФР. Грошы былі перададзеныя ў верасні “за лабіраванне інтарэсаў камерсантаў — падпісанне дагавора на пастаўку ў адрас дзяржпрадпрыемства трансфарматарнай падстанцыі”.
Падкрэсліваецца, што затрыманы займаў пасаду першага намесніка гендырэктара больш за 10 гадоў, а яго сярэднямесячны заробак складаў каля 10 тыс. рублёў.
У атрыманні хабару ў памеры 5 тыс. рублёў у сакавіку гэтага года абвінавачваецца начальнік аддзела іншага мінскага прадпрыемства, якое займаецца вытворчасцю электрарухавікоў, генератараў і трансфарматараў. Адзначаецца, што ў сакавіку 2025 года ён атрымаў указаную суму за “зніжэнне кошту вырабленай арганізацыяй блокавай камплектнай трансфарматарнай падстанцыі, якую мелі намер набыць камерсанты“. “Кіраўнік сярэдняга звяна затрыманы і даў прызнальныя паказанні“, — адзначылі ў ведамстве.
У трэцім выпадку “вядучы інжынер па тэхнічным наглядзе за будаўніцтвам яшчэ аднаго сталічнага прадпрыемства энергетыкі на працягу 2025 года атрымаў 3 тыс. рублёў за больш хуткае візаванне актаў здачы-прыёмкі выкананых будаўніча-мантажных работ, якія ажыццяўляла камерцыйная структура“, паведаміў ДФР.
У Дэпартаменце адзначылі, што “ва ўсіх трох выпадках грашовыя сродкі перадаваліся работнікамі таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое займаецца вытворчасцю і пастаўкай электратэхнічнага абсталявання”.
Паведамляецца, што ў дачыненні да затрыманых распачатыя крымінальныя справы паводле ч. 1 і 3 арт. 430 (атрыманне хабару), а таксама ч. 1 арт. 433 (незаконнае ўзнагароджанне) Крымінальнага кодэкса.
“Асобныя станоўчыя тэндэнцыі“ ў дынаміцы выяўлення карупцыйных злачынстваў у бягучым годзе “аб’ектыўна страчаныя”, заявіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на пасяджэнні калегіі МУС 26 верасня. Чыноўнік раскрытыкаваў шэраг тэрытарыяльных падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю.
Кубракоў адзначыў, што МУС перайшло ад “бытавых“ хабараў да выяўлення і спынення схем сістэмнай “дзелавой“ карупцыі, больш актыўна выкарыстоўваецца інструментарый аператыўна-вышуковай прафілактыкі.
Намеснік міністра — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч паведаміў, што з пачатку 2025 года спыненыя 22 схемы, звязаныя з сістэмнай “дзелавой“ карупцыяй, у якіх удзельнічалі 114 фігурантаў, з іх 92 — хабараатрымальнікі. У сем такіх схем былі ўцягнутыя службовыя асобы сельгаспрадпрыемстваў.
“Акцэнт у працы АУС зрушаны на выяўленне буйных хабараў. Калі ў 2022 годзе іх агульная сума складала крыху больш за 2 млн рублёў, то ў мінулым — каля 6. За 8 месяцаў гэтага года — ужо каля 5 млн рублёў“, — сказаў Казакевіч.
Паводле звестак Вярхоўнага суда, якія раней прыводзіў “Позірк”, у студзені — чэрвені 2025 года за ўчыненне карупцыйных злачынстваў асуджана 304 чалавекі — на 7,3% менш, чым за той жа перыяд 2024-га (328). З іх 84 прыгавораныя да пазбаўлення волі.

- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 15 кастрычніка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаЗа дзевяць месяцаў у абароненым грунце вырашчана на 3,2% гародніны менш, чым годам ранейМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства