Мінск 02:49

Тэставае выкарыстанне лічбавага рубля пачнецца ў сярэдзіне 2026 года — Нацбанк

15 кастрычніка, Позірк. Адным з галоўных кірункаў, па якіх працуе Нацыянальны банк, — гэта ўкараненне лічбавага беларускага рубля (ЛБР), заявіў дзяржСМІ 15 кастрычніка першы намеснік кіраўніка рэгулятара Аляксандр Ягораў.

“Прыкладна план у нас наступны, што ў сярэдзіне 2026 года мы прыступім да тэставых плацяжоў і ўжо да канца 2026-га ўкаранім сістэму ў прамысловую эксплуатацыю. Першымі кейсамі, якія мы будзем адпрацоўваць, будуць плацяжы, скажам так, расходаў бюджэтаў або квазібюджэтных выдаткаў. І другое — гэта трансгранічныя плацяжы, дзе мы працуем у шчыльным супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй”, — падкрэсліў Ягораў.

Паводле яго слоў, важным застаецца і “ўкараненне QR-плацяжоў на аснове сістэмы імгненных плацяжоў, якія дазволяць без выкарыстання картачных тэхналогій грамадзянам праводзіць плацяжы”.

Намеснік кіраўніка Нацбанка адзначыў, што да канца бягучага года будзе рэалізаваны пілотны праект з удзелам асобных банкаў і арганізацый гандлю і сэрвісу. З сярэдзіны 2026 года плануецца, што наяўнасць гэтага сэрвісу стане абавязковым ва ўсіх буйных гандлёвых сетках: “Паступова мы будзем павялічваць абавязковасць для ўсіх пунктаў гандлю і сэрвісу”.

Яшчэ адным прыярытэтным напрамкам Ягораў назваў “ўкараненне штучнага інтэлекту, перш за ўсё з пункту гледжання зніжэння выдаткаў у банкаў, павышэння прадукцыйнасці працы і зніжэння колькасці памылак”.

Уся нарматыўная і тэхнічная база па ЦБР будзе гатовая да канца 2026 года, паведамляў чыноўнік у сюжэце, паказаным 7 верасня ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1“. Паводле яго слоў, ужо распрацаваны праект адпаведнага закона, а паралельна вядуцца тэхналагічныя работы па стварэнні платформы.

Плануецца, што лічбавы рубель будзе прымяняцца па двух асноўных напрамках: для “кантролю выкарыстання бюджэтных сродкаў“, дзякуючы чаму, “можна прасачыць аж да канчатковай фізічнай асобы, куды былі выдаткаваныя і куды ў выніку дайшлі бюджэтныя грошы“ і “трансгранічных плацяжоў“.

17 красавіка кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка на тэлеканале “Беларусь 1” заяўляў, што плануецца паўнавартасна ўвесці ў абарот у Беларусі ў другой палове 2026 года, калі ім змогуць карыстацца суб’екты гаспадарання.

Паводле яго слоў, Нацбанк плануе, што да 2027 года ён стане даступны таксама дзяржаўным органам і фізічным асобам.

“Для дзяржавы будзе важна мець магчымасць прасачыць тое, як лічбавыя грошы праходзяць па ўсім ланцужку”, — сказаў Галоўчанка.

2 лютага на той момант намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц заявіў, што ў 2025 годзе рэгулятар працягне працу па “арганізацыі плацежнай сістэмы лічбавага беларускага рубля”, а таксама па “падрыхтоўцы комплексных змяненняў у заканадаўства”.

28 ліпеня 2023 года на пасяджэнні праўлення рэгулятара Калечыц заявіў, што лічбавы беларускі рубель будзе выкарыстоўвацца як “законны плацежны сродак, які выконвае ўсе функцыі грошай, эмітуецца цэнтральным банкам і мае аднолькавую каштоўнасць з наяўным і безнаяўным беларускім рублём”. Разлікі з дапамогай лічбавага рубля “плануецца адносіць да безнаяўнай формы разлікаў”.

Галоўнае адрозненне лічбавага беларускага рубля ад крыптавалюты ў тым, што яго кошт будзе кантраляваць рэгулятар, заявіў у лютым 2024 года намеснік начальніка ўпраўлення даследаванняў Нацбанка Міхаіл Дземідзенка.

Тады ён прагназаваў, што першыя разлікі лічбавымі беларускімі рублямі можна будзе здзейсніць на пачатку 2026 года.

Падзяліцца: