Беларусы, якія ваявалі на баку РФ і загінулі ва Украіне, сталі ахвярамі ідэалогіі “рускага свету” — Кабанчук
14 кастрычніка, Позірк. Ахвярамі беларускай прапаганды і ідэалогіі “рускага свету” лічыць беларусаў, якія ваявалі на баку Расіі і загінулі ва Украіне, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага пераходнага кабінета Вадзім Кабанчук.
“Яны часткова сталі ахвярамі індактрынацыі “рускім светам”, і часткова ахвярамі беларускай прапаганды, якая гераізуе так званую “СВА” (“спецыяльная ваенная аперацыя”, так расійская прапаганда называе вайну ва Украіне, развязаную Расіяй)”, — цытуе Кабанчука прэс-служба АПК.
“Гледзячы на спіс загінулых хлопцаў, хачу заўважыць, што ў іх яшчэ адносна доўгі тэрмін знаходжання на фронце, таму што звычайнае жыццё расійскага штурмавіка — каля трох тыдняў”, — сказаў прадстаўнік АПК, які раней займаў пасаду намесніка камандзіра палка Каліноўскага, які ваюе на баку Украіны.
Ён таксама заўважыў, што “паводле інфармацыі ўкраінскага боку, беларусы, якія ваююць за Расію, не імкнуцца да нейкіх зямляцтваў, стварэння падраздзяленняў, дзе б яны былі разам”. “Яны раскіданыя па ўсіх расійскіх частках і час ад часу трапляюць у палон”, — удакладніў Кабанчук.
“Звычайна гэта хлопцы, якія маюць не вельмі высокі IQ. Частка з іх працавала на расійскіх будоўлях, былі там гастарбайтэрамі і павяліся на “цікавыя“ гісторыі пра “СВА” і заробкі ў мільёны расійскіх рублёў”, — заявіў прадстаўнік АПК.
“Сумна тое, што гэта — беларусы, і сумна тое, што Беларусь ужо адчувае дыханне вайны. Калі так пойдзе далей, мы ўбачым, што колькасць загінулых беларусаў з двух бакоў пачынае даганяць, напрыклад, колькасць беларусаў, якія загінулі ў вайне ў Афганістане”, — падкрэсліў Кабанчук.
13 кастрычніка ўкраінскі праект “Хачу жыць” апублікаваў імёны 314 загінулых на вайне ва Украіне грамадзян Беларусі — наймітаў, якія ваявалі на баку Расіі. Раней праект апублікаваў некалькі спісаў, у якіх фігуравала агулам 1.330 імёнаў беларусаў, якія ваявалі або ваююць на баку РФ. З улікам апублікаванага 13 кастрычніка спісу памерлых загінула 23,6% вядомых беларускіх наймітаў. У публікацыі адзначаецца, што рэальная колькасць загінулых беларусаў значна большая.
Раней ініцыятыва паведамляла, што сама меней 596 грамадзян Беларусі падпісалі кантракт з Узброенымі сіламі Расіі за першую палову 2025 года. Яна нагадала, што ў Беларусі з 2014 года не была заведзеная ніводнай крымінальнай справы ў дачыненні да беларускіх грамадзян, што ваююць на баку РФ, хаця ў нацыянальным заканадаўстве маецца крымінальны артыкул за наёмніцтва (арт. 133 КК), які прадугледжвае да 7 гадоў зняволення.
28 красавіка праект “Хачу жыць” абнародаваў імёны 742 грамадзян Беларусі, што ваявалі ці ваююць на баку Расіі.
24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.
Паводле даных СМІ, ад пачатку поўнамаштабнай вайны ў баях супраць Расіі загінула каля 70 беларускіх добраахвотнікаў.
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 14 кастрычніка — 30 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства