Мінск 18:04

Канчатковае рашэнне аб зніжэнні ўзроўню аховы Ціханоўскай яшчэ не прынятае — дарадца прэзідэнта Літвы

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

14 кастрычніка, Позірк. Канчатковае рашэнне аб зніжэнні ўзроўню фізічнай аховы беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай яшчэ не прынятае, заявіла ў эфіры радыёстанцыі Žinių radijas галоўная дарадца прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Аста Скайсгірытэ.

Паводле яе слоў, якія перадае LRT, ва ўрадзе краіны “абмеркаванні працягваюцца”. Пры гэтым Наўседа “прытрымліваецца пазіцыі, што Ціханоўская павінна і далей знаходзіцца пад аховай, аднак узровень і формы гэтай аховы павінны вызначаць адпаведныя службы”.

На думку Скайсгірытэ, рашэнне на гэты конт “павінна быць і палітычным”: “Мы не можам звесці гэта толькі да тэхнічных дэталяў, але тэхнічна рашэнне павінна быць правільным і абгрунтаваным”.

“Відавочна, што, прымаючы рашэнне, урад прыме да ўвагі ўвесь гэты комплекс абставінаў”, — сказала дарадца прэзідэнта.

Яна таксама адрэагавала на заявы некаторых палітыкаў, што Ціханоўская са сваім офісам можа пераехаць у Польшчу. “Спадарыня Ціханоўская — вольны чалавек, яна не знаходзіцца ў турме. Вядома, калі б яна захацела, магла б разглядаць іншыя варыянты, але наша задача — забяспечыць, каб яна адчувала сябе ў бяспецы ў Літве”, — падкрэсліла Скайсгірытэ.

7 кастрычніка стала вядома, што Літва зніжае ўзровень фізічнай аховы Ціханоўскай, якая разам з сям’ёй пражывае ў Вільнюсе. Афіцыйная прычына — рэвізія ўзроўню пагроз. Гэтае рашэнне рэзка раскрытыкавалі былы міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс, член парламенцкай групы “За дэмакратычную Беларусь“ Томас Тамілінас. Экс-прэм’ер Літвы Інгрыда Шыманіце назвала рашэнне не тэхнічным, а палітычным.

Дзеючая кіраўнік урада Інга Ругінене адзначыла, што ахова Ціханоўскай “не знятая“, але “скарэктаваная з улікам бягучых рэалій“. На яе думку, літоўскія службы “выдатна выконваюць сваю працу, штодня ацэньваючы ўзровень пагроз і мадэлюючы, якія меры бяспекі варта ўжываць на аснове гэтага“.

Дарадца Ціханоўскай у дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі заявіў, што праца фізічнага офіса ў літоўскай сталіцы прыпыненая ў сувязі “са зменамі ў сістэме аховы і бяспекі“. “Мы не можам агучваць дэталі з меркаванняў бяспекі. У офісе застаецца толькі частка неабходнай аперацыйнай каманды, астатнія супрацоўнікі перайшлі на дыстанцыйны фармат працы”, — дадаў ён.

Паводле слоў Кучынскага, каманда офіса знаходзіцца ў кантакце з літоўскімі партнёрамі “адносна дэталяў новай сістэмы бяспекі“: “Пасля таго як будзе зразумела, як менавіта яна будзе рэалізаваная, будуць прынятыя рашэнні адносна фармату далейшай працы”.

“Праца <…> як такая не спыненая — мы працягваем сваю дзейнасць. Гаворка ідзе толькі аб часовым прыпыненні працы фізічнага офіса ў Вільнюсе”, — падкрэсліў дарадца Ціханоўскай.

“Падтрымка дэмакратычных сіл Беларусі з нашага боку захоўваецца і, магчыма, нават узмацняецца“, — заявіў 9 кастрычніка спікер Сейма Літвы Юозас Олекас.

Паводле яго слоў, літоўскі парламент падтрымлівае цесныя сувязі з беларускімі дэмсіламі з дапамогай сустрэч, абмеркаванняў і сумеснай працы.

Падзяліцца: