Мінск 19:31

Удзельніку травеньскай аварыі ў Воранаўскім раёне, пасля якой загінула двое дзяцей, перакваліфікаванае абвінавачанне

Архіўнае фота: СК

13 кастрычніка, Позірк. Удзельніку смяротнай аварыі, якая здарылася 29 траўня ў Воранаўскім раёне (Гродзенская вобласць), выстаўленае абвінавачанне паводле двух крымінальных артыкулаў, ён знаходзіцца пад вартай, паведаміла 13 кастрычніка прэс-служба Следчага камітэта.

Першапачаткова ў дачыненні да кіроўцы цягача распачалі крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула з неасцярожнасці смерць чалавека або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).

Цяпер, паводле даных СК, мужчыну інкрымінаваныя ч. 5 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула з неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб, а таксама нанясенне менш цяжкага цялеснага пашкоджання) і ч. 3 арт. 159 (свядомае пакіданне ў небяспецы, здзейсненае асобай, якая сама з неасцярожнасці паставіла пацярпелага ў небяспечны для жыцця або здароўя стан).

Абвінавачанне перакваліфікаванае ў сувязі з новымі абставінамі.

Паводле даных следства, 29 траўня позна ўвечары 55-гадовы кіроўца цягача “Мэрсэдэс Бэнц” быў п’яны і ехаў, перавышаючы дапушчальную хуткасць. Каля вёскі Радунь ён не даў рады кіраванню і сутыкнуўся з аўтамабілем “Аўдзі”, які ехаў насустрач.

На наступны дзень пасля аварыі СК паведаміў, што аднагадовае дзіця, якое знаходзілася ў салоне “Аўдзі”, загінула на месцы здарэння, а кіроўца, яго жонка і двое іншых дзяцей атрымалі розныя траўмы. Як вынікае з новага паведамлення ведамства, адзін з двух траўміраваных дзяцей — 5-гадовая дзяўчынка — памёр у бальніцы праз некалькі дзён пасля ДТЗ.

Паводле інфармацыі СК, “кіроўца вялікагруза ўцёк з месца аварыі і хаваўся ў лесе”, але быў “аператыўна затрыманы”. Праведзены праз 5 гадзін пасля трагедыі тэст паказаў, што ў мужчыны сярэдняя ступень ап’янення (1 праміле). Пры гэтым “на допыце мужчына запэўніваў, што на момант аварыі ён быў абсалютна цвярозы і выпіў ужо пасля”.

Следчыя “дапыталі дзясяткі сведкаў, якія паказвалі на неадэкватныя паводзіны кіроўцы адразу пасля аварыі: замест дапамогі пацярпелым ён сабраў рэчы з аўтамабіля і збег”.

“Акрамя гэтага, у кабіне цягача, дзе адчуваўся востры пах алкаголю, следчыя знайшлі пустыя бутэлькі ад моцнага спіртнога, — гаворыцца ў паведамленні. — Гэтая знаходка стала яшчэ адным важкім доказам, які абвяргае заявы кіроўцы пра яго цвярозасць ў момант ДТЗ. Следчыя ва ўзаемадзеянні з экспертамі, зафіксавалі размяшчэнне бутэлек і наяўнасць адбіткаў пальцаў на іх”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падзяліцца: