Мінск 19:50

Верыфікавана 88 фігурантаў справы “Беларускага Гаюна” — праваабаронцы

Крыніца фота: тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн"

13 кастрычніка, Позірк. Праваабарончы цэнтр “Вясна” мае інфармацыю “пра як мінімум 88 пацверджаных фігурантаў” палітычна матываванай справы “Беларускага Гаюна” (маніторынг ваеннай актыўнасці ў Беларусі, у тым ліку расійскай арміі), узятых пад варту.

“Агульная ж лічба затрыманых значна большая. Затрыманні адбываюцца дагэтуль па ўсёй Беларусі, але большая частка — у Гомельскай вобласці”, — гаворыцца ў апублікаваным 13 кастрычніка паведамленні.

Праваабаронцы адзначылі, што ад пачатку верасня ў “спіс экстрэмістаў” дададзена 68 чалавек, асуджаных за “садзейнічанне экстрэмізму”. “Гэта больш за траціну ад усіх людзей, якіх дадалі ў спіс за гэты час. Частка з гэтых людзей — фігуранты справы “Беларускага Гаюна”, пра якіх невядома праваабаронцам”, — падкрэсліла “Вясна”.

Адзначаецца таксама, што “ў Беларусі амаль кожны дзень праходзяць суды па гэтай справе”. Фігурантаў прыгаворваюць як да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, так і да пазбаўлення волі. Некаторыя справы перадаюць з Мінска ў рэгіянальныя суды.

29 верасня “Вясна” паведамляла, што пацверджаная колькасць затрыманых па згаданай крымінальнай справе дасягнула 78 чалавек.

28 ліпеня праваабаронцы заяўлялі, што затрымана не менш за 33, 7 жніўня — 38, 18-га — 40, 27-га — 53, 7 верасня — 61.

Большасць фігурантаў гэтай справы мужчыны. У віну ставіцца арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Праект “Беларускі Гаюн” быў створаны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.

“Мы не ведаем, які аб’ём дадзеных мог быць выпампаваны за той час, пакуль у іншага акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй”, — заяўляў тады заснавальнік праекта блогер Антон Матолька.

Ён папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. Некаторыя з іх эмігравалі.

Пра масавыя затрыманні па справе “Беларускага Гаюна” паведамлялася 2 траўня.

У чэрвені Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі за “шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці”.

20 ліпеня Андрэй Стрыжак, які на той момант узначальваў фонд салідарнасці Bysol, паведамляў, што ў траўні ў брэсцкім следчым ізалятары знаходзілася каля 50 чалавек, абвінавачаных па справе “Беларускага Гаюна”.

Паводле звестак рэгіянальнага медыяпраекта “Флагшток”, у Гомельскай вобласці па гэтай справе “было затрымана больш як 250 чалавек ад пачатку 2025 года”: “У спісах на затрыманне могуць знаходзіцца ў цэлым больш як 1 тыс. чалавек. Сілавікі па чарзе адпрацоўваюць тых, хто трапіў у спіс”.

“Флагшток” адзначаў, што кіруе рэпрэсіямі ГУБАЗіК МУС, а непасрэдна затрыманні праводзіць АМАП.

Падзяліцца: