Мінск 13:31

За тыдзень у Беларусь на падставе бязвізу ўехала 4.426 грамадзян еўрапейскіх дзяржаў — Дзяржпагранкамітэт

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

13 кастрычніка, Позірк. З 6 па 13 кастрычніка ў бязвізавым парадку ў Беларусь уехала 4.426 грамадзян еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 3.768), сведчаць даныя Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За апошні тыдзень у краіну прыбыло 1.583 грамадзяніны і неграмадзяніны Латвіі (1.305), 1.548 грамадзян Літвы (1.251), 603 грамадзяніны Польшчы (552) і 692 грамадзяніны іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (660).

Агулам з 15 красавіка 2022 года ў бязвізавым парадку ў Беларусі пабывала 1.217.763 жыхары Еўропы. З Літвы прыбылі 651.882 чалавекі, Латвіі — 391.119, Польшчы — 123.601. З 35 іншых еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь прыехаў 51.161 замежнік.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Падзяліцца: