Мінск 14:49

Чэргаў аўтобусаў на выезд з Беларусі ў ЕС няма, аўтамабілі назапасіліся толькі ў Каменным Логу — даныя Дзяржпагранкамітэта

12 кастрычніка, Позірк. Аб адсутнасці чэргаў аўтобусаў на выезд з Беларусі ў сумежныя краіны Еўрасаюза сведчаць аператыўныя даныя Дзяржаўнага пагранічнага камітэта (ДПК).

На 12:00 чэргі адсутнічаюць ва ўсіх прапускных пунктах на межах з Польшчай, Літвой і Латвіяй.

Чарга аўтамабіляў (40 адзінак) ёсць толькі ў пункце пропуску Каменны Лог (з літоўскага боку Мядзінінкай).

Суткамі раней у гэты час аўтобусаў на межах таксама не было, чарга аўтамабіляў (250) фіксавалася толькі ў пункце пропуску Брэст (з польскага боку Цярэспаль).

У буднія дні чэргі пасажырскага транспарту захоўваліся ва ўсіх пунктах, акрамя Грыгараўшчыны (з латвійскага боку Патэрніекі). На мяжы з Латвіяй чэргаў няма з канца верасня.

Пры гэтым чэргі грузавых аўтамабіляў на мяжы з ЕС захоўваюцца. На 12:00 у Казловічах (Кукурыкі) выезду ў Польшчу чакала 3.750 фур (суткамі раней 3.550), у Каменным Логу было 750 грузавікоў (730), у Беняконях (з літоўскага боку Шальчынінкай) — 640 (620), у Грыгараўшчыне — 780 (810).

Аб аднаўленні з 24 верасня працы пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю (акрамя трох, якія зачыненыя ў рамках санкцый супраць беларускага рэжыму) абвясціў 23 верасня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў выпадку неабходнасці — калі “ўзмоцніцца напружанасць або агрэсіўныя паводзіны некаторых суседзяў” — урад “не будзе вагацца” і закрые мяжу зноў.

Польшча закрыла мяжу з Беларуссю 12 верасня, калі пачаліся беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні “Захад-2025”, якія і паслужылі падставай для такога рашэння.

Падзяліцца: