Мінск 13:12

Полк Каліноўскага перайшоў да калегіяльнага кіравання, Шурмей прызначаны адказным за “актывізацыю палітычнай дзейнасці”

Відэа: ПКК Стоп-кадр: "Позірк"

12 кастрычніка, Позірк. Пра змены ў “структуры і дзейнасці” палка імя Кастуся Каліноўскага паведаміў 12 кастрычніка камандзір падраздзялення Павел Шурмей (пазыўны “Дзядзька”).

“Полк становіцца больш тэхналагічным і канчаткова пераходзіць да калегіяльнай мадэлі кіравання”, — адзначыў Шурмей у відэароліку, апублікаваным у тэлеграм-канале ПКК.

Ключавыя рашэнні ў ПКК, паводле яго слоў, “цяпер прымае рада камандзіраў”.

“Для развіцця нацыянальна-вызвольнага руху радай камандзіраў прынятыя наступныя стратэгічныя рашэнні. Заснаваны ветэранскі рух — грамадская арганізацыя “Каліноўцы”, яго афіцыйным прадстаўніком з’яўляецца Ян Мельнікаў. Другое: для актывізацыі палітычнай дзейнасці часовым прадстаўніком нашага руху вызначаны я”, — сказаў Шурмей.

Аб рэформах у ПКК Шурмей раней паведамляў неаднаразова. У прыватнасці, у лістападзе 2024 года ён заявіў: “Наша агульная мэта — вызваленне Радзімы праз перамогу Украіны, — сказаў ён. — Гэтая самая галоўная мэта для некаторых людзей [у палку] ператварылася нават не ў бізнес-ідэю, а ў [ідэю аб] уласнай ПВК (прыватнай ваеннай кампаніі. — “Позірк”.)”.

Пра тое, што Шурмей выконвае абавязкі камандзіра палка, стала вядома 7 ліпеня 2024-га.

Раней ім кіраваў Дзяніс Прохараў (“Кіт”).

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, а 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі прызнаў ПКК спачатку “экстрэмісцкім фарміраваннем”, а затым “тэрарыстычнай арганізацыяй”.

49-гадовы Павел Шурмей — удзельнік Алімпійскіх гульняў 2004 і 2008 гадоў у спаборніцтвах па акадэмічным веславанні.

Падзяліцца: