Мінск 14:50

Пажар пашкодзіў будынак склада ў парку гісторыі “Вялікае княства Сула”

Пажар у парку "Вялікае княства Сула"
Відэа: прэс-служба МНС / стоп-кадр: "Позірк"

11 кастрычніка, Позірк. Пажар пашкодзіў будынак склада ў парку гісторыі “Вялікае княства Сула” (Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці), паведамляе прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле інфармацыі ведамства, паведамленне пра ўзгаранне паступіла 10 кастрычніка а 21:40. Пажар выявілі работнікі, якія пражываюць у інтэрнаце на тэрыторыі парку, яны ж спрабавалі падручнымі сродкамі самастойна патушыць агонь.

Падраздзяленні МНС, якія прыбылі на месца здарэння, пабачылі, што адкрытым полымем гарыць “будынак свірнавага тыпу, які выкарыстоўваецца ў якасці склада”. Да тушэння прыцягнулі 9 адзінак выратавальнай тэхнікі.

“Загаранне ліквідаванае работнікамі МНС. Пацярпелых няма. У выніку здарэння знішчаны дах, пашкоджаныя сцены і маёмасць па ўсёй плошчы будынка. <…> Прычына здарэння высвятляецца”, — гаворыцца ў паведамленні.

Парк інтэрактыўнай сярэднявечнай гісторыі “Вялікае княства Сула” месціцца за 49 км на паўднёвы захад ад Мінска, на беразе возера Сула.

Мястэчка Сула згадваецца ў пісьмовых крыніцах з XVI стагоддзя як маёмасць роду Радзівілаў. Пазней ім валодаў род Ленскіх, чый маёнтак (другая палова XVIII стагоддзя — 1939 год да экспрапрыяцыі савецкай уладай) у новы час быў адноўлены і стаў часткай парку. Захавалася пахавальня Ленскіх.

На тэрыторыі парку створаныя інтэрактыўныя пляцоўкі — стаянка старажытнага чалавека, месца культу для дахрысціянскіх вераванняў, сярэднявечны гатычны квартал і майстэрні, прыстань варагаў з дракарам, бровар, галерэя гербаў шляхты ды інш.

Падзяліцца: