Мінск 01:09

Абвяшчэнне журналістаў у вышук — гэта пагроза іх бяспецы і спроба запалохвання, лічыць Коўшык

10 кастрычніка, Позірк. Уключэнне беларускіх незалежных журналістаў у базу вышуку МУС Расіі з’яўляецца “чарговай спробай [іх] запалохвання”, лічыць галоўны рэдактар тэлеканала “Белсат” Аліна Коўшык. Яе заява апублікаваная на сайце канала 10 кастрычніка.

Акрамя таго, Коўшык расцэньвае гэта як “прамую пагрозу бяспецы журналістаў, якія годна і прафесійна выконваюць сваю працу — інфармуюць грамадства пра тое, што адбываецца ў Беларусі і свеце”.

Паводле сцвярджэння кіраўніцы медыя, у расійскім вышуку больш як 20 супрацоўнікаў тэлеканала, у тым ліку яна сама. Імёны астатніх не называюцца.

“Расійскія структуры, што ўдзельнічаюць у палітычных рэпрэсіях супраць грамадзян Беларусі, фактычна становяцца саўдзельнікамі рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі ў яго барацьбе супраць свабоды слова”, — лічыць яна.

Паводле галоўрэда, тэлеканал “Белсат” дзейнічае ў адпаведнасці з “міжнароднымі стандартамі журналістыкі” і з’яўляецца “незалежнай медыяструктурай, якая мае на мэце даносіць да беларусаў праўдзівую інфармацыю”.

“Мы катэгарычна асуджаем выкарыстанне механізмаў міжнароднага вышуку ў палітычных мэтах і патрабуем ад еўрапейскіх і міжнародных арганізацый звярнуць увагу на гэтае злоўжыванне сістэмамі міжнароднага прававога супрацоўніцтва з боку Расіі”, — падкрэсліла Коўшык, адзначыўшы, што беларускія чыноўнікі, адказныя за незаконны крымінальны пераслед журналістаў, “могуць стаць аб’ектам міжнародных санкцый, а ў будучыні — адказаць за ўласныя дзеянні перад беларускім судом”.

“Белсат” “працягне сваю місію, нягледзячы на запалохванне і ціск”, — дадала яна.

У базу вышуку МУС РФ за апошнія паўгода дададзена каля 1,2 тыс. беларусаў, паведаміў напярэдадні рэсурс “Медыязона”. У ёй значацца прадстаўнікі СМІ, дзеячы культуры, былыя палітвязні, палітычныя аглядальнікі і палітыкі. Усяго ў расійскім спісе — 5.220 грамадзян Беларусі.

У прыватнасці, у базу ўключаны журналісты Ягор Марціновіч, Аляксандр Старыкевіч, Сяргей Абламейка, Марыя Грыц, Андрэй Мялешка, Ганна Соўсь, Віталь Цыганкоў, Марына Мянтусава, Кацярына Раецкая, культуролаг Максім Жбанкоў, акцёры Крысціна Дробыш, Зоя Белахвосцік, Аляксандр Гарцуеў, Валянцін спартыўнай салідарнасці Анатоль Котаў і інш.

Падзяліцца: