Мінск 18:21

Вярхоўны суд 20 кастрычніка пачне разглядаць справу памерлага ваеннага злачынцы Ярмольчыка

9 кастрычніка, Позірк. Вярхоўны суд 20 кастрычніка пачне разглядаць крымінальную справу кіраўніка падраздзялення дапаможнай паліцыі часоў нацысцкай акупацыі Аляксандра Ярмольчыка (нарадзіўся ў 1915 годзе, памёр у 1984-м).

Паводле інфармацыі прэс-службы ВС, артыкул абвінавачання — 127 КК (генацыд).

Генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд справу вайсковага злачынца 22 жніўня.

Паводле матэрыялаў справы, Ярмольчык, з’яўляючыся ўдзельнікам, а затым і кіраўніком Хойніцкага падраздзялення дапаможнай паліцыі, “наўмысна пазбавіў жыцця не менш як 246 чалавек, у тым ліку не менш як 37 дзяцей, а таксама рабіў замах на пазбаўленне жыцця яшчэ не менш як васьмі чалавек”.

17 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса”, які дазваляе пераследваць памерлых у крымінальным парадку. Справа Ярмольчыка — пятая накіраваная ў суд крымінальная справа ў дачыненні да памерлых карнікаў.

18 сакавіка 2024 года Вярхоўны суд прызнаў вінаватым паводле арт. 127 КК украінца Уладзіміра Катрука, якога абвінавацілі ў спаленні вёскі Хатынь. З прычыны яго смерці ў 2015 годзе пакаранне прызначанае не было.

30 снежня таго ж года ВС прызнаў вінаватым паводле арт. 127 без прызначэння пакарання карніка Хатыні Канстанціна Смоўскага.

28 сакавіка 2025 года ВС прызнаў памерлага ў Вялікабрытаніі ў 1997 годзе Сямёна Серафімавіча вінаватым паводле арт. 127.

4 жніўня Швед накіраваў у Вярхоўны суд крымінальную справу па абвінавачанні камандзіра першай роты 118-га батальёна ахоўнай паліцыі, цяпер нябожчыка Осіпа Вінніцкага.

У 2021 годзе быў прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа” (у красавіку таго ж года была ўзбуджаная крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа). Пры гэтым пад беларускім народам “для мэтаў гэтага закона разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд” (да 31 снежня 1951 года).

За “адмаўленне генацыду беларускага народа” арт. 1302 КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе 5 гадоў зняволення, за паўторнае парушэнне закона — ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Незалежныя гісторыкі і эксперты лічаць, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму для дыскрэдытацыі апанентаў. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць змест кнігі “Генацыд беларускага народа”, якая выйшла пад рэдакцыяй Шведа. У ёй сцвярджаецца, што масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года з’яўляюцца спробай дзяржаўнага перавароту з выкарыстаннем нацысцкай ідэалогіі. Акрамя таго, да генацыду фактычна прыраўнаваны антысавецкі супраціў у першыя пасляваенныя гады.

Падзяліцца: