Мінск 23:31

З Польшчы пасля вызвалення з месцаў зняволення дэпартаваны 40-гадовы беларус

7 кастрычніка, Позірк. Пра выдварэнне 40-гадовага грамадзяніна Беларусі паведамляе Памежная ахова Польшчы.

У суправаджэнні памежнікаў мужчына быў дастаўлены ў пункт пропуску Цярэспаль (з сумежнага боку — Брэст) і перададзены беларускаму боку.

Адзначаецца, што беларус быў затрыманы 5 кастрычніка, раней у Польшчы ён “адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за збіццё свайго суайчынніка”.

“Пасля выхаду з папраўчай установы грамадзяніну Беларусі было неадкладна вынесена рашэнне аб абавязку вярнуцца ў краіну паходжання”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пасля выдварэння беларусу забаранілі ўезд у краіны Шэнгенскай зоны тэрмінам на 5 гадоў.

Раней паведамлялася, што за дзевяць месяцаў 2025 года ў Польшчы было вынесена рашэнне аб неабходнасці вяртання на радзіму ў дачыненні да 955 грамадзян Беларусі, год таму за гэты ж перыяд іх было 1.075. Такім чынам, колькасць скарацілася на 11%.

863 чалавекі з пачатку года дабраахвотна выехалі з Польшчы, прымусова былі вывезены на мяжу 92 чалавекі.

Асноўнымі прычынамі дэпартацый названыя незаконнае знаходжанне або нелегальнае працаўладкаванне ў краіне.

У канцы сакавіка польскае выданне Rzeczpospolita са спасылкай на даныя Памежнай аховы паведамляла, што за два месяцы 2025 года з Польшчы дэпартавана 240 грамадзян Беларусі, а за аналагічны перыяд 2024-га — 100.

Падзяліцца: