Ціханоўская ў парламенце Францыі: Неабходна працягваць барацьбу да вызвалення ўсіх палітвязняў

7 кастрычніка, Позірк. Пра неабходнасць працягваць барацьбу да вызвалення ўсіх палітвязняў заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 7 кастрычніка ў Парыжы на трэцяй сустрэчы Альянсу парламенцкіх груп “За дэмакратычную Беларусь”, арганізаванай Нацыянальным сходам Францыі.
Паводле слоў Ціханоўскай, якія перадае яе прэс-служба, “голас Францыі ў Еўропе гучыць моцна і выразна”, гэта краіна абараняе Еўрапейскі саюз ад “ціску дыктатараў і цынізму “рэальнай палітыкі”.
“Ніколі раней Беларусь не займала такога высокага месца ў знешняй палітыцы Францыі, і ніколі супрацоўніцтва паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Францыяй не было такім шчыльным, як цяпер”, — сказала палітык.
Падчас сустрэчы Ціханоўскай са спікерам Нацыянальнага сходу Яэль Браўн-Півэ намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка адзначыў, што Францыя заўсёды была і застаецца лідарам у пытаннях захавання правоў чалавека, правасуддзя і дэмакратыі.
Латушка звярнуўся да спікера французскага парламента з просьбай падтрымаць разгляд беларускай сітуацыі ў Міжнародным крымінальным судзе (МКС). Ён падкрэсліў важнасць прыцягнення прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці.
Таксама ў кантэксце юрыдычна створанага ў рамках Савета Еўропы спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны Латушка папрасіў Браўн-Півэ падтрымаць разгляд пытання прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і “вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва Беларусі” за саўдзел у гэтай агрэсіі.
Гэтае ж пытанне абмяркоўвалася Латушкам на сустрэчы з прадстаўнікамі палітычнага і прававога дэпартамента МЗС Францыі і кіраўніком парламенцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” Фрэдэрыкам Пеці. Адзначаецца, што з французскага боку “выяўлена гатоўнасць дэталёва прапрацаваць і разгледзець” гэтае пытанне.
На сустрэчы з Альянсам парламенцкіх груп “За дэмакратычную Беларусь” Латушка заклікаў дэпутатаў ініцыяваць сустрэчы ў міністэрствах замежных спраў сваіх краін для паляпшэння ўмоў выдачы віз беларусам, адзначыўшы ўзрастаючыя цяжкасці пры іх атрыманні.
Палітык узняў пытанне легалізацыі беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Ён падкрэсліў, што многія эмігранты засталіся без дзейных пашпартоў, не могуць працягваць іх тэрмін дзеяння, здзяйсняць натарыяльныя дзеянні ў пасольствах і консульскіх установах.
Паводле запрашэння старшыні Нацыянальнага сходу Францыі Ціханоўская знаходзіцца ў Парыжы 6–7 кастрычніка.
2 кастрычніка Ціханоўская сустрэлася ў Капенгагене з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці і падзякавала яму за паслядоўную падтрымку дэмакратычнай Беларусі і салідарнасць з беларускім народам.
“Для нас вельмі каштоўна, што Францыя працягвае стаяць побач у барацьбе за свабоду і правы чалавека”, — адзначыла яна.
Раней Ціханоўская размаўляла з Макронам у траўні.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- З РФ у Беларусь трапіла буйная партыя наўтбукаў, частак дронаў, зброі і тэхнікі — мытня разбіраецца ў законнасці ўвозуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка