Мінск 21:49

Работнікі МНС атрымаюць права надглядаць грамадзян і прымяняць спецсродкі

Ілюстрацыйнае фота: zarya.by

7 кастрычніка, Позірк. Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу (СР НС) 7 кастрычніка ўхваліў законапраект “Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях”.

Перад гэтым старшыня камісіі СР НС па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік прадставіў заключэнне сваёй парламенцкай групы адносна гэтага дакумента. У прыватнасці, ён паведаміў, што праект закона скіраваны “на ўдасканаленне прававога рэгулявання грамадскіх адносін у сферы дзейнасці” МНС і карэктуе законы “Аб пажарнай бяспецы”, “Аб органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь”, “Аб фізічнай культуры і спорце” і “Аб ліцэнзаванні”.

Дакумент прадугледжвае, што ў работнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях будзе права праводзіць асабісты дагляд грамадзян і прымяняць спецыяльныя сродкі “ў выпадках і парадку, прадугледжаных праектам закона”.

У законапраекце таксама:

  • удакладняюцца пытанні фінансавання органаў і падраздзяленняў па НС;
  • замацоўваюцца паўнамоцтвы па дзяржаўным пажарным наглядзе на аб’ектах па вытворчасці, захоўванні і ўтылізацыі выбуховых матэрыялаў і вырабаў, якія іх ўтрымліваюць; па тушэнні пажараў на такіх аб’ектах;
  • удакладняюцца паўнамоцтвы прэзідэнта і Савета міністраў у сферы гарантавання пажарнай бяспекі;
  • палажэнні закона “Аб пажарнай бяспецы” прыводзяцца ў адпаведнасць з патрабаваннямі тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза ў галіне пажарнай бяспекі.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) прыняла гэты законапраект у першым чытанні 16 верасня. Тады член камісіі ПП НС па нацбяспецы Анатоль Булаўка заявіў дэпутатам, што галоўная мэта дакумента — падвысіць бяспеку грамадзян і “ўзмацніць эфектыўнасць дзейнасці” органаў па НС.

Пасля ўхвалення Саветам Рэспублікі дакумент павінен падпісаць Аляксандр Лукашэнка.

У 2022 годзе ўлады прынялі законапраект “Аб змене Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь”, згодна з якім унутраныя войскі атрымалі “большую самастойнасць”.

Падзяліцца: