Мінск 21:55

У другую гадавіну нападу ХАМАС на Ізраіль Ціханоўская падтрымала сем’і ахвяр і закладнікаў

7 кастрычніка, Позірк. Зычэнне, каб “мір і чалавечнасць нарэшце перамаглі”, выказала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 7 кастрычніка — у другую гадавіну нападу баевікоў руху ХАМАС на Ізраіль.

“Праз два гады пасля жахлівых нападаў ХАМАС на Ізраіль мы смуткуем пра ахвяр і салідарныя з іх сем’ямі; з тымі, хто дагэтуль знаходзіцца ў закладніках, і з усімі, хто дагэтуль носіць у сваім сэрцы шнары таго дня, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Тэрор і нянавісць ніколі не павінны браць верх”.

Другой гадавіне падзей 7 кастрычніка таксама прысвяціла публікацыю на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” амбасада Беларусі ў Ізраілі. “Два гады з дня трагедыі 7 кастрычніка. Мы памятаем. Мы смуткуем. Мы чакаем вяртання ўсіх закладнікаў дадому”, — адзначылі дыпламаты.

7 кастрычніка 2023 года на тэрыторыю Ізраіля з сектара Газа ўварваліся баевікі вайсковага крыла руху ХАМАС. Адначасова з Газы пачаўся інтэнсіўны ракетны абстрэл ізраільскай тэрыторыі. У выніку тэрарыстычнага нападу ў Ізраілі загінула 1,2 тыс. чалавек з 37 краін, у тым ліку трое грамадзян Беларусі; пацярпела 7,3 тыс.

Паводле афіцыйных даных, 7 кастрычніка 2023 года тэрарысты выкралі 251 чалавека. На гэты момант знойдзена мёртвымі, выратавана або вызвалена — пераважна ў рамках абмену з Ізраілем на палестынскіх зняволеных — 204 чалавекі.

Па-ранейшаму не вернутыя дадому 47 асоб. Не менш за 27 з іх ужо няма ў жывых, іх целы ў ХАМАС; астатнія — у палоне ў Газе.

Цяпер у Газе працягваюцца баявыя дзеянні, якія распачаліся адразу пасля згаданага тэрарыстычнага нападу. Іх інтэнсіўнасць істотна знізілася, пасля таго як у ноч на 4 кастрычніка 2025 года ХАМАС заявіў пра прыняццё (з агаворкамі) плана прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па ўрэгуляванні сітуацыі, а таксама пра гатоўнасць вызваліць усіх закладнікаў.

На атаку ХАМАС у 2023 годзе Ізраіль адказаў актыўнай ваеннай аперацыяй, у выніку якой было ліквідавана практычна ўсё кіраўніцтва руху. У той жа час маюцца шматлікія ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва. Міністэрства аховы здароўя Газы (структура ХАМАС) заяўляла пра амаль 62 тыс. забітых з пачатку вайны і каля 160 тыс. параненых. Паводле даных Мінздароўя Палестынскай аўтаноміі, якія ААН прызнае сапраўднымі, больш за 39% забітых у Газе — мужчыны прызыўнога ўзросту, 19% — жанчыны, 32% — непаўналетнія, больш за 8% — людзі сталага веку.

Летась у лістападзе Міжнародны крымінальны суд выдаў ордары на арышт прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху і былога міністра абароны Ёава Галанта. Іх абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынстваў у перыяд з 7 кастрычніка 2023 года па 20 траўня 2024 года.

МКС таксама выдаў ордар на арышт камандзіра ХАМАС Махамеда Дэйфа, які, як заяўлялі ізраільскія ўлады, быў забіты ў выніку авіяўдару ў Газе ў ліпені 2024-га.

Падзяліцца: