Мінск 03:23

Вячорка пра заявы Келага: У тым, што ўдалося зацікавіць амерыканскую адміністрацыю і Трампа палітвязнямі, наша супольная заслуга

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 2 кастрычніка 2025 года ў 09:52

1 кастрычніка, Позірк. “У тым, што ўдалося зацікавіць амерыканскую адміністрацыю і прэзідэнта Трампа беларускімі палітвязнямі, наша супольная заслуга. Дэмакратычных сіл, праваабаронцаў, СМІ — усіх. Таму што не так шмат краін, дзе гавораць пра палітвязняў”, — заявіў “Позірку” галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, каментуючы інтэрв’ю спецыяльнага прадстаўніка Трампа па Украіне Кіта Келага брытанскаму выданню The Guardian.

Келаг, у прыватнасці, заявіў, што здзелка ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам у першую чаргу тычылася “забеспячэння каналаў сувязі” з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, а не вызвалення палітзняволеных.

“Мы ўстанавілі стасункі, каб забяспечыць адкрытасць каналаў сувязі і гарантаваць, што ўсе нашы паведамленні дойдуць да прэзідэнта Пуціна. Менавіта таму мы гэта зрабілі; першапачаткова мы не збіраліся вызваляць палітвязняў”, — удакладніў спецпрадстаўнік.

Келаг падкрэсліў, што вызваленне палітвязняў “з’яўляецца станоўчым момантам”, але галоўнай мэтай амерыканскага боку было не гэта, а “пошук найлепшага магчымага вырашэння вайны паміж Украінай і Расіяй”.

Пры гэтым, дадаў прадстаўнік Трампа, ЗША “не наіўныя” ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі: “Мы ведаем, што, калі ён вызваліць аднаго [палітвязня], ён, верагодна, забярэ яшчэ дваіх”.

“Прэзідэнт Трамп ужо тройчы гаворыць пра вызваленне 1.300 закладнікаў. І наша задача — падтрымліваць гэты інтарэс да Беларусі, падтрымліваць інтарэс да вызвалення людзей, каб захаваць ім жыцці. Гэта гуманітарная місія прэзідэнта Трампа”, — сказаў у каментары “Позірку” Вячорка.

“Вызваленне палітвязняў патрэбна найперш беларусам, не непасрэдна амерыканцам, — падкрэсліў галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Беларусі. — Гэта робяць дзеля нас з вамі. Наша задача — падтрымліваць гэты працэс наколькі магчыма, каб выцягнуць як мага больш людзей з турмаў”.

“Канешне, мы ўдзячныя за гэтыя намаганні. Людзі, якія гэтым займаюцца ад амерыканскага боку, высокакваліфікаваныя, выдатна разумеюць беларускі кантэкст — прадстаўнікі і Белага дома, і Дзярждэпартамента. Мы правялі дзясяткі сустрэч з імі, яны выдатна разумеюць рызыкі, разумеюць, што рэпрэсіі працягваюцца і саджаюць новых людзей”, — адзначыў Вячорка.

“Мы размаўлялі і з Келагам некалькі разоў, і з [яго намеснікам] Джонам Коўлам — таксама фантастычным дыпламатам і перамоўнікам, і з [намеснім памочніка дзяржсакратара ЗША] Крысам Смітам. Тое, што яны робяць, сапраўды заслугоўвае вялікай павагі і ўдзячнасці”, — дадаў суразмоўца.

Ён выказаў спадзяванне, што неўзабаве больш людзей выйдуць на свабоду: “Мы пра гэта таксама гаварылі. Гэта і Алесь Бяляцкі, і Анджэй Пачобут, і Маша Калеснікава. Мы над гэтым працуем усе разам”.

“Безумоўна, гэта ўсё паступовы працэс, крок за крокам. Не ўсё адразу”, — падкрэсліў Вячорка. Але “ёсць новая дынаміка, ёсць акно магчымасцяў”.

“Мы гэтым акном павінны карыстацца. Канчатковая мэта — спыніць рэпрэсіі, дабіцца незваротных дэмакратычных змен, каб краіна выдыхнула ў рэшце рэшт, каб скончыць гэты 30-гадовы крызіс. Мы таксама гэта тлумачым амеріканцам, і яны разумеюць нашы мэты. Але цяпер яны робяць максімум таго, што могуць зрабіць”, — заявіў галоўны дарадца Ціханоўскай.

Падзяліцца: