Мінск 06:41

Латвія ўводзіць платную электронную чаргу для аўтамабіляў на мяжы з Беларуссю

25 верасня, Позірк. З 15 кастрычніка Латвія ўводзіць абавязковую электронную рэгістрацыю для перасячэння мяжы, паведамляе TVNet.

Магчымасць папярэдняга запісу ў электронную чаргу будзе адкрытая з 1 кастрычніка. Плата за адзін транспартны сродак складзе 9,3 еўра. Ад платы будуць вызваленыя кіроўцы рэйсавых міжнародных аўтобусаў, якія ажыццяўляюць рэгулярныя міжнародныя пасажырскія перавозкі, а таксама конныя экіпажы і асобы з пашпартамі краін Еўрасаюза.

Як паведамлялася раней, у Латвіі з 1 верасня дзейнічае новая працэдура ўезду грамадзян шэрагу трэціх краін: патрабуецца папярэдне падаць інфармацыю пра сябе і чакаць пацверджання або адмовы.

Іншаземец абавязаны запоўніць анкету не пазней чым за 48 гадзін да перасячэння мяжы. У анкеце патрабуецца ўказаць мэту і тэрмін паездкі, маршрут, месца меркаванага знаходжання, кантактныя даныя, а таксама звесткі аб службе ў войску, спецслужбах, памежнай ахове, мытні, установах унутраных спраў, юрыдычных або замежных (уключаючы дыпламатычныя) ведамствах. Падаваць звесткі трэба асабіста (анлайн), за іх непрадастаўленне або скажэнне прадугледжаны штраф да 2 тыс. еўра.

Падзяліцца: